Планы і мары гродзенскага харэографа

|

Пасля праглядаў гледачы змогуць абмеркаваць пабачанае і выказаць асабістыя ўражанні.

 

У размове з карэспандэнтам “Твайго стылю” мастак паразважаў аб праблемах сучаснай харэаграфіі і падзяліўся новымі праектамі.

 

На сустрэчы прэс-клубу “Гродна – горад без галерэй” вы абмовіліся аб незвычайнай для беларускага шарагоўца ідэі стварэння арт-цэнтра. У якім выглядзе ён будзе рэалізаваны?

 

– Цяжка назваць гэта праектам. Гэта толькі ідэя, якая наогул ляжыць на паверхні. Яна заснавана на цікавым вопыце сяброў і калег з Любліна. Зайздрошчу белай зайздрасцю. Горад можа быць параўнаны з нашым. Сітуацыя ў наватарскім сэнсе там вельмі рухомая. Улада сама ідзе насустрэч. Чыноўнікі, што займаюцца ў гэтай сферы, людзі актыўныя. Акрамя таго, ёсць мноства зрухаў у тэатральным сэнсе. Цэнтр “Warsztaty kultury” размясціўся ў закінутым будынку былой аўтамайстэрні. Гэта моладзевы цэнтр культурнай ініцыятывы. На базе гэтага цэнтра ажыццяўляюцца ідэі, праекты, сінтэтычныя рэчы. Там вельмі цікава знаходзіцца.

 

Чаму з’явілася неабходнасць такога арт-цэнтра ў гарадзенскай прасторы?

 

– Пасля размовы ў прэс-клубе склалася ўражанне, што мастацкае жыццё ў нашым горадзе, напэўна, як і ў іншых месцах, вельмі раз’яднанае. Часам проста няма інфармацыі пра цікавыя падзеі. Інфармацыя трапляе выпадкова. Ты туды трапіш і потым разумееш, што гэта зусім выпадкова здарылася. Патрэбны хаця б чыста інфармацыйны момант. Людзі, зацікаўленыя або тыя, якія працуюць у гэтай сферы, павінны ведаць, што адбывацца ў розных галінах мастацкага жыцця горада.

 

– Наколькі існуе верагоднасць яго з’яўлення ў Гродне?

 

– Няма нічога немагчымага, але патрэбна моцнае жаданне. Зразумела, што не вельмі ідзе нейкі дыялог з уладай. Прыватная ініціатыва пакуль амаль не кантактуе з афіцыйнымі асобамі. Сказана зверху правесці мерапрыемства – правядуць, галачку паставяць.

 

Ці змогуць такія дыскусійныя клубы накшталт “Гродна – горад без галерэй” змяніць сітуацыю?

 

– Я лічу, што такія рэчы трэба праводзіць. Часам сустракацца і размаўляць. У кожнага, хто займаецца мастацтвам у сваёй галіне, існуюць свае напрацоўкі. Трэба збірацца і дзяліцца з іншымі. Вось проста зараз я магу расказаць пра свае планы. У Польшы існуе інстытут А. Міцкевіча. Гэта такая ўстанова, якая займаецца прасоўваннем польскай культуры і мастацтва за мяжу. Нядаўна пры інстытуце створана ўсходняе аддзяленне для супрацоўніцтва і з нашай краінай ў тым ліку. Я ўжо размаўляў з прадстаўніком гэтага аддзялення. Нейкія моманты мы ўжо акрэслілі. Адзін з іх – майстар-клас па сучасным танцы. Таксама плануецца семінар для людзей, што пішуць на тэму сучаснага мастацтва. Праект абяцае быць цікавым. Ажыццяўляцца будзе пакуль што ў самых “крутых” гарадах – Гродне і Мінску.

 

Наколькі доўгім абяцае быць супрацоўніцтва?

 

– Праект створаны нядаўна. Ён пакуль у стадыі станаўлення. Прадстаўнікі аддзялення шукаюць людзей для дыялогу і сумеснай працы. Усё зараз абмяркоўваецца. Яшчэ незразумела, хто будзе фінансаваць праект. Грошы таксама граюць важную ролю.

 

А што за ідэя з відэапраглядамі, якую вы таксама агучылі падчас прэс-клубу?

 

– Шмат гадоў я займаюся танцам. Бываю на многіх фестывалях, у тым ліку і за мяжой. Бачу цікавыя рэчы. Сучасны танец зараз вельмі дапасуецца да сучаснага тэатра. І мне шкада, што нейкія рэчы, якія зараз робяцца, нейкія актуальныя тэндэнцыі тут амаль невядомыя. І я жадаў бы, каб наша трупа, асабліва маладыя акцёры, паглядзела нейкія тэндэнцыі ў сусветным тэатры. Ну і ўсе ахвотныя, каму гэта цікава. Перш за ўсё гэта цікава мне. Думаю, што другім таксама.

 

У якім фармаце яны будуць ладзіцца?

 

– Матэрыялы ў мяне ёсць на відэа. Я думаю, што будзем рабіць такія прагляды ў драматычным тэатры. Пасля паспрабуем абмеркаваць пабачанае. Нешта накшталт “закрытага паказу”.

 

 

Ці стваралася нешта падобнае да гэтага?

 

– У нас быў праект са шведскім харэографам Бэнно Воорханам у 2010 і 2011 гадах. Ён заўсёды быў настроены пасля спектакля паразмаўляць з гледачамі. Гэта, так бы мовіць, яго фішка. Як правіла, людзі спачатку саромеюцца, а потым вельмі актыўна прымаюць удзел.

 

Сыходзячы з гэтага, ці можна высветліць, чаго хоча сучасны глядач?

 

– Глядач… Для мяне гэта ўвогуле паняцце сумнеўнае. Адзін хоча аднаго, другі – іншага. Так цынічна казаць, але людзі на Захадзе кажуць:“Існуе тэатр для сярэдняга класа, тэатр для дурняў і тэатр для інтэлектуалаў”. П’есы для інтэлектуалаў у нас адсутнічаюць зусім. А камедыі, што ставяцца, яны зазвычай для сярэдняга класа.

 

Ці магчыма фармаваць густ гледача і каму адводзіцца гэтая роля?

 

– Магчыма і трэба. І абмеркаванне трэба рабіць, і размаўляць аб тэатры. Тут існуе баланс, які часта і вельмі часта ў правінцыйным тэатры схіляецца да падладжвання пад густы гледачоў, і часта невысокія густы. Трэба сказаць, што прызначэнне тэатра не ў гэтым. Вышэй за тэатр няма нічога. Тэатр павінен даваць нагоду для роздуму. Гэта настолькі персаніфікаваная вобласць. Прыйдзе канкрэтны рэжысёр і зможа настолькі захапіць ідэяй высокай трагедыі, што акцёры будуць працаваць так жа натхнёна, як над камедыяй.

 

Цікава пачуць ваш прагноз, ці захаваецца традыцыя прэс-клубу “Гродна – горад без галерэй”.

 

– Невядома, якая будзе рэакцыя. Будзе добра, калі будзе мець практычны працяг. Калі застанецца толькі кулуарнымі размовамі, гэта таксама ў нейкім сэнсе карысна.

 

alt=”Image 20096″ >

Здымкі са спектакляў Гродзенскага драмтэатра з архіву Аляксандра Цебянькова