З’явіліся панарамныя здымкі інтэр’ера Фарнага касцёла

|

Пачынаецца тур ад увахода ў касцёл, а далей можна падняцца разам з аўтарам на хоры, падысці да галоўнага алтара ці да капліцы Маці Божай Кангрэгацкай. Панарама дазваляе добра разгледзець галоўны алтар, які быў нядаўна адноўлены пасля пажару, падае grodnensis.by.

 

Да гэтага Іван зрабіў ужо некалькі дзясяткаў панарамных здымкаў храмаў Гродзеншчыны. Чаму на валантэрскіх пачатках ён робіць досыць складаныя ў тэхніцы працы, фатограф тлумачыць наступным чынам:

 

Найперш, калі я пачаў рабіць панарамныя фота, было вельмі цікава гэтым займацца, бо ў Гродне больш ніхто гэтага не робіць. Фарны касцёл даўно хацеў сфатаграфаваць знутры, але там вяліся рамонтныя працы доўгі час і не было магчымасці, толькі нядаўна атрымаў дабро. Гэта незвычайная тэхніка, яна дазваляе паказаць усё. Магчыма, пасля гэтыя здымкі спатрэбяцца для аднаўлення інтэр’ераў храмаў.

 

Як ставяцца да здымкаў святары пры храмах, якія фатаграфуе Іван?

 

Бывала, раней, калі фатаграфаваў касцёлы ў вёсках, святары не дазвалялі рабіць здымкі знутры – баяліся, што калі хто разгледзіць унутраныя інтэр’еры, то прыйдуць рабаваць касцёл. Таксама пыталі, навошта я гэта раблю. У Гродне, праўда, не пыталі. Але я супрацоўнічаю з сайтам grodnensis.by і зараз атрымаць дазвол на здымкі ў любым касцёле не праблема.

 

Іван не абмяжоўваецца каталіцкімі храмамі:

 

Мне цікавыя і праваслаўныя, і любыя старыя храмы. Увогуле мару зрабіць сферычныя 3D здымкі розных архітэктурных аб’ектаў Гродзеншчыны. Адно шкада, што падарожнічаю па мясцінах цалкам за свой кошт, таму справа з фатаграфаваннем розных старых архітэктурных аб’ектаў Гродзеншчыны рухаецца не так хутка.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Па спасылцы можна ўбачыць панарамны здымак касцёла Святой Тройцы ў Гервятах.