У Гродзенскім універсітэце не знайшлося памяшкання для беларускай дыктоўкі

|

Яшчэ ў лютым старшыня таварыства Таццяна Канопкіна, накіравала лісты ў гарвыканкам, Міністэрства адукацыі і Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы спаслаўшыся на план мерапрыемстваў Савета Міністраў па папулярызацыі кніг на беларускай мове і пашырэнню ўжывання роднай мовы сярод насельніцтва, але памяшканне так і не знайшлося.

 

– Універсітэт спаслаўся на тое, што ў гэтыя дні будзе праводзіцца тэставанне, гарвыканкам спаслаўся на тое, што нам адмовіў Гродзенскі ўніверсітэт, уласнік памяшкання, а Міністэрства адукацыі ўвогуле нам адказала, што на школьнікаў прыпадае зашмат мерапрыемстваў.

 

Адкуль яны ўзялі, што мы праводзім гэтае мерапрыемства для школьнікаў?

 

У нашым лісце напісана, што мы збіраем людзей ад 7 да 70 гадоў і што гэта сведчыць аб салідарнасці з беларускай мовай.


Нагадаем, у гэтым годзе дыктоўка пройдзе 24 сакавіка ў памяшканні незарэгістраванага “Саюза палякаў” (ва ўнутраным дворыку вул.Будзёнага, 48а).

Пасля дыктоўкі гродзенцаў чакае выступ Алеся Камоцкага, і прэзентацыя новых кніг выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка” – “Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы” і “Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў”.