«ПоДари» – гэта сямейная справа
Месца арыентавана больш на юны ўзрост – біжутэрыя ў асноўным маладзёвая. Ніякіх каштоўных металаў і традыцыйных для дзяржаўных магазінаў, кшталту «Бірузы», пярсцёнкаў у форме кветачак і геаметрычных фігураў. Стыль біжутэрыі падобны на той, што прапаноўваюць у магазінах House, Cropptown.
Магазін адкрылі ў пачатку сакавіка, але ідэя ў гаспадароў з’явілася 5 гадоў таму. Фотастудыя і «ПоДари» – гэта сямейная справа. Адна з заснавальніц – Ганна Алешчык – распавяла пра свой бізнэс.
– З чаго пачаўся ваш магазін?
– Сама ідэя з’явілася даўно, але мы доўга баяліся пачынаць справу, у якую трэба было ўкласці грошы. А калі не пойдзе бізнэс? Нарэшце, вырашыліся. Спачатку думалі: будзе магазін жаночага адзення. Потым – бялізны… А потым вырашылі – крама біжутэрыі, гэта была ідэя дачкі. Побач студэнты, і ўсім хочацца быць прыгожымі.
– Наколькі прыбытковым вы лічыце сваю бізнэс-ідэю?
– Нам многа і не трэба. Аплачу выдаткі, зараблю трошкі сабе, ды і не буду сядзець дома. З такімі коштамі на наш тавар, мы не выдумляем сабе суперпрыбыткаў, тады і кошты былі б іншымі.
– З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся, калі адкрывалі краму?
– Не сутыкнуліся зусім. У адзін дзень заплацілі адзіны выдатак, напісалі заяву, касавы апарат купілі. Не, дзякуй Богу, усё прайшло без праблем. Адкрыліся за 2 тыдні. Ніякіх цяжкасцяў, ніякіх перашкод, мы самі здзівіліся, як усё ўдалося проста.
Магазін свабодна працуе пад заказ. Па просьбе кліента могуць прывезці якую-небудзь канкрэтную рэч. Так у краме з’явіліся совы-падвескі, завушніцы. Гаспадыня кажа, што нават, калі замоўленая рэч кліенту не спадабаецца, ён можа адмовіцца ад яе пакупкі. «ПоДари» – далёка не першы магазін з біжутэрыяй і сувенірамі. Але яму пасуе блізкасць да цэнтру горада і кліентаў ды невысокія кошты.
У целым, мілае месца, дзе можна падабраць падарунак. Праўда, трэба назапасіцца цярпеннем, калі хочацца адшукаць сярод іншых рэчаў «сваю». Памяшканне магазіна невялікае, бранзалеты, завушніцы ляжаць побач. Дзеля таго, каб абраць патрэбны аксэсуар, неабходна выдаткаваць час. Але для кожнай дзяўчыны гэта прыемнае «марнаванне» часу.