Там, дзе МіГі ўзляталі, прызямляюцца прадпрымальнікі
Як паведамляе ej.by, інвестпраект выкарыстання маёмасці ракетчыкаў распрацаваў Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва «Сэлбі-Сэрвіс». Маёмасць перададзена ў бязвыплатнае карыстанне на 5 гадоў. Тут ужо працуе фірма па пастаўцы ў Беларусь расейскіх камбікармоў. Плануецца адкрыць невялікі кансервавы заводзік і асвоіць выпуск драўлянага бруса. Былыя ангары выкарыстоўваюцца для захоўвання гародніны. У планах таксама адкрыць эка-кемпінг. На рэалізацыю інвестпраекта патрабуецца каля 100 000 даляраў.
У канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя ад ваенных пад Шчучыным засталося больш за 300 збудаванняў, тут былі сканцэнтраваныя амаль усе МіГі-25БМ, выпушчаныя савецкай прамысловасцю. Аб’екты прадаюць ва ўласнасць, арандуюць або на час перадаюць у бязвыплатнае карыстанне. Каля сарака закінутых ваенных гарадкоў ў Лідскім, Шчучынскім і Дзятлаўскім раёнах чакаюць новага гаспадара.
А вось, што мы знайшлі на сайце «Стрыжы» (форум авіяцыйнай групы вышэйшага пілатажу), арганізатары і наведвальнікі якога – ваенныя пілоты, у тым ліку і былога СССР:
«Калісьці, не так ужо і даўно, Шчучын быў вялікай базай ВПС. Гул турбін не сціхаў ні днём, ні ноччу. Самалёты лёталі і лёталі. На тэлівезійную антэну можна было злавіць размовы лётчыкаў. Але прыйшоў час перабудовы, аэрадром таксама пачаў змяняцца. Што найбольш здзіўляла – МіГі з адрэзанай хваставой часткай, якія стаялі ў шэраг. Гэта выклікала шчырае здзіўленне. Лётчыкаў – эліту узброеных сілаў, якія раптам перасталі цікавіць кіраўнікоў дзяржавы, выганялі з войска без пенсіі: працы ў маленькім горадзе мала, і афіцэры станавіліся будаўнікамі, чорнарабочым і сантэхнікамі, каб утрымліваць сям’і … Пра Шчучын усе раптам забыліся. Нікому не патрэбны, ён паціху развальваўся і раскрадываўся. Гэта нагадвала павольную агонію. У маленькай Беларусі няма грошай, каб утрымліваць шмат аэрадромаў, лёс Шчучынскага аэрадрома быў прадвызначаны».
Магчыма, новыя інвестпраекты дапамогуць адрадзіцца былым ваенным тэрыторыям у новай мірнай якасці.
Фота http://www.strizhi.ru