З пачатку года на Гарадзеншчыне злавілі 5 эксгібіцыяністаў
Апошні з затрыманых – 52-гадовы гродзенец – шчыраваў у аўтобусе. У сярэдзіне сакавіка вычварэнец перагарадзіў шлях да выйсця дзяўчынцы, і ніводны з пасажыраў не паспрабаваў яе абараніць. На наступным прыпынку школьніца збегла праз іншыя дзверы. У міліцыю патэлефанавалі яе бацькі.
Яшчэ адзін, 29-гадовы, эксгібіцыяніст шакаваў сваім выглядам мінакоў побач з гімназіяй. Яго таксама ніхто не спрабаваў спыніць, пакуль адна гімназістка ні распавяла пра ўсё бацькам. Тата дзяўчынкі знайшоў вычварэнца па прыкметах і перадаў супрацоўнікам міліцыі.
Часцей за ўсё эксгібіцыяністы з’яўляюцца ў месцах, дзе шмат жанчын і дзяўчынак – каля навучальных установаў, дзіцячых садкоў, бальніц, фабрык, санаторыяў.
Максімальны тэрмін пакарання, які пагражае гэтай катэгорыі злачынцаў – 6 гадоў пазбаўлення волі, але можа абмяжоўвацца штрафам альбо папраўчымі працамі.
26-гадовы дворнік, які пужаў сваім выглядам дзяцей у дзіцячым санаторыі, накіраваны на прымусовае лячэнне.
Шакуючы публіку, эксгібіцыяніст разлічвае ўбачыць у ахвяр эмацыйныя рэакцыі – здзіўленне, страх, цікаўнасць. Калі гэтага ён не атрымлівае, то можа павесці сябе агрэсіўна.
Паводле http://grodnonews.by
Здымак з сайта http://blondinka-0.livejournal.com