Гарадзенскія шпіёнскія гісторыі
Для патрэб ваенных будзе выраблена 270 тысяч цюбікаў крэму. Ды яшчэ 80 тысяч будуць накіраваны ў пагранічныя войскі. Радуюся за шчучынцаў і адначасова думаю: як жа легка зараз працаваць шпіёну. Ведаеш колькасць цюбікаў з абутковым крэмам – і можна легка палічыць колькасць арміі. Сакрэтная інфармацыя, можна сказаць, валяецца пад нагамі. Толькі вось паведамленняў кшталту «ТАСС упаўнаважаны заявіць» чамусьці не чуваць. Можа, перавяліся шпіёны на зямельцы нашай? А вось раней…
Дарэчы, што было раней? У канцы саракавых-пачатку пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ў нашым мірным небе час ад часу гудзелі варожыя самалёты, і затым чарговыя порцыя варожых агентаў скакала з парашутамі. Ну, не цярпелася сусветным імперыялістам завалодаць нашымі сакрэтамі.
У маёй бібліятэцы есць кніга «Высокі абавязак», прысвечаная 70-годдзю ЧК-КДБ (выпушчана ў 1985 г. выдавецтвам «Беларусь»). Выданне юбілейнае, здавалася б, тут будзе расказана пра самыя яскравыя чэкісцскія аперацыі. Аднак чамусьці большасць матэрыялаў кнігі тычыцца падзей Другой сусветнай вайны. Ага, вось, нарэшце, і пра шпіёнаў: «У ноч з 26 на 27 жніўня 1952 г. чатырохматорны самалёт без апазнавальных знакаў цішком пранік у савецкую паветраную прастору». Дзеянне як раз адбываецца над тэрыторыяй Гродзенскай вобласці. І што супрацоўнікі дзяржбяспекі? А яны ўжо загадзя пра ўсё ведалі, і што было далей, лёгка ўгадываецца.
Сёння ўжо вядома, што савецкія агенты кшталту Кіма Філбі заранёй паведамлялі амаль пра ўсе спробы шпіёнскага пранікнення ў СССР. І яшчэ. Чэкісты пад час палявання на шпіёнаў былі настолькі спакойныя, што адбывалася… Давайце паглядзім на канкрэтным прыкладзе.
Асабліва небяспечны тэрарыст
26 жніўня 1953 года спецгрупа пад кіраўніцтвам капітана Лідскага аддзела МДБ Андрэя Стралкоўскага выйшла на затрыманне двух чужаземных агентаў на дарогу Ліда-Мінск. Спякотны летні дзень, павольна цягнуўся час. З боку Ліды намалявалася постаць чалавека. Апрануты звычайна, па-сялянску, крочыць басанож, а боты, звязаныя шнурком, перакінуты цераз плячо. Шпіён? Не? Быццам бы на агента ЦРУ не падобны, аднак нейкае падазрэнне выклікаў.
Стралкоўскі вырашыў незнаёмца спыніць. Яшчэ раз падкрэслім, супрацоўнікаў дзяржбяспекі чацвёра, яны добра ўзброены, падарожнік на шашы – адзін. Нават, калі шпіён, чаго яго баяцца, так? Аднак спынены на дарозе чалавек быў не шпіёнам, да якіх ужо, напэўна, прызвычаіліся чэкісты. Незнаёмец спрытна выхапіў пісталет і адкрыў ураганны агонь. Праз некалькі імгненняў усе чацвёра эмдэбэшнікаў ляжалі на зямлі, і толькі адзін з іх – радавы Трафімаў – застаўся ў жывых.
Пазней высветлілася, што ў вобразе звычайнага селяніна падарожнічаў «асабліва небяспечны тэрарыст» Ян Грынцэвіч. Адзначу толькі, што гэты цалкам правальны і адначасова трагічны эпізод меў нечаканы вынік: імём капітана Стралкоўскага ў Лідзе назвалі адну з вуліц.
Агент-гомасэксуаліст
Шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады неяк пуставатыя на шпіёнскія падзеі. Толькі ў 1984 годзе ў памяшканні Гродзенскага абласнога суда з’явіўся самы сапраўдны агент ЦРУ. Так, Сяргея Л. (у маім нататніку ёсць поўнае прозвішча гэтага чалавека) арыштавалі за спробу здрады радзіме. Сітуацыя выглядала так.
Сяргей Л. жыў у Гродне, а яго родная сястра – у ЗША. Жыццё ў СССР хлопцу не падабалася, і ён марыў перасяліцца за акіян. Каб ажыццявіць сваю мэту, Сяргей паехаў у Ленінград і там паспрабаваў звязацца з амерыканскімі дыпламатамі. Пры гэтым, быццам бы, прапанаваў амерыканцам нейкую інфармацыю. Праўда, што сакрэтнага мог ведаць гродзенскі беспрацоўны, не зусім зразумела. Так ці інакш, Сяргей зрабіўся так званым «ініцыятыўнікам» , гэта значыць, сам прапанаваў свае паслугі замежнікам. Не ведаў ён толькі аднаго. Замест супрацоўнікаў амерыканскага консульства Сяргей меў справы з таварышамі з іншага ведамства.
Шпіёнскі дэтэктыў хутка скончыўся. Наіўнага хлопца арыштавалі, прад’явілі абвінавачванне па расстрэльным артыкуле і этапавалі на радзіму, у Гродна. Ленінградскія праваабаронцы, якіх я крыху ведаў, папрасілі мяне папрысутнічаць на судзе (на дзіва, адкрытым), сабраць неабходную інфармацыю. Працэс доўжыўся тры дні, і ўжо на першым мяне чакаў сюрпрыз.
Пракурор сумным голасам раптам сказаў, што абвінавачванне аб здрадзе радзіме з падсуднага здымаецца. Аднак адначасова над галавой Сяргея ўзніклі два новых артыкула крымінальнага кодэксу: распаўсюджванне паклёпніцкіх звестак пра савецкі лад жыцця і… гомасэксуалізм (злачынства на той час). Было не зусім зразумела, адкуль узялося апошняе абвінавачванне: ці то сапраўды Сяргей адносіўся да сэксменшасці, ці то такі падарунак (хутчэй за ўсё) прыдумала яму КДБ. Самае галоўнае, канешне, было ў тым, што Сяргей «саскочыў» са страшнага расстрэльнага артыкула…
Дарэчы, цікава было назіраць за паказаннямі сведак. Пракурор: «Распавядзіце, што адбылося ў той вечар?». Сведка: «Ды абсалютна нічога. Мы выпілі пляшку віна і разышліся». Пракурор: «Я разумею, вам няёмка гаварыць пра тое, што было». І ўсё, эпізод лічыўся даказаным). У выніку Сяргей атрымаў тры гады зняволення. У канцы васьмідзесятых некалькі разоў я бачыў яго на гродзенскіх вуліцах. Потым Сяргей некуды знік, мяркую, што яму ўсё ж такі пашанцавала перабрацца да сястры ў Амерыку.
Слонімскі прапаршчык
Напярэдадні знікнення Савецкага Саюза ў Маскву за легкім шпіёнскім хлебам падаўся слонімскі прапаршчык Аляксандр Хобта. Ён сёе-тое ведаў пра часці спецназу Савецкай Арміі і вырашыў падзяліцца гэтай інфармацыяй з амерыканцамі. Яго напаткаў той жа самы лёс, што і нашага гродзенскага героя. На сустрэчы пад выглядам заакіянскага разведчыка прыходзіў замаскіраваны супрацоўнік КДБ. Канец гульні аб’явілі 16 лістапада 1990 года ў Маскоўскім гарадскім судзе: 10 гадоў зняволення.
Праз два гады Барыс Ельцын памілаваў рэшту шпіёнаў, што сядзелі ў расійскіх зонах» . Прапаршчык вярнуўся ў родныя мясціны. Пра ўсё перажытое ён паабяцаў напісаць кнігу, аднак штосьці яе не бачна і да гэтае пары…