З’явіўся пуцяводнік па мясцінах 1863 г.
Пуцяводнік змяшчае ў сабе 12 памятных мясцінаў, разам з фотаздымкамі і мапай, што ўжо можа служыць новым турыстычным маршрутам па старым горадзе. Нягледзячы на тое, што гарадзенцы прымалі актыўны ўдзел у паўстанні, дадзенае выданне з’яўляецца пакуль адзіным і ўнікальным.
– Чвэрць стагоддзя таму, у 1988 годзе, Гародня святкавала 150-годдзе нараджэння Кастуся Каліноўскага з размахам, – распавядае гісторык Андрэй Вашкевіч. – Была праведзена спецыяльная навукова-практычная канферэнцыя (пасля быў выдадзены зборнік), акурат у гэты час заканчваліся раскопкі ў Якушоўцы – маёнтку Каліноўскіх, якія праводзіў Міхась Ткачоў. У сувязі з гэтымі і іншымі падзеямі ЦК Камуністычнай партыі Беларусі пры падтрымцы Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта прынялі рашэнні ўшанаваць памяць Кастуся Каліноўскага спецыяльным помнікам герою і некалькімі памятнымі шыльдамі. У выніку з’явілася толькі адна шыльда на будынку вакзала, а помнік, на які нават правялі конкурс і выбралі месца (каля Дома Прафсаюзаў) так і не з’явіўся.
Адзін з праектаў помніка паўстанцам пачатку 90-х – хіба не самы ўдалы
– З таго часу шмат вады ўцякло, – працягвае Андрэй Вашкевіч, – але гарадзенцы пра Каліноўскага памятаюць і ахвотна падпісваюцца за помнік свайму земляку. А для таго, каб аб’ём ведаў жыхароў нашага горада аб падзеях паўстання 1863 года крыху павялічыць, быў выдадзены спецыяльны буклет-пуцяводнік з картай і кароценькімі звесткамі пра асноўныя мясціны нашага горада, звязаныя з падзеямі паўстання. Будзем чакаць, што да 150-й гадавіны паўстання, якая будзе святкавацца ў 2013 годзе, з’явяцца і новыя цікавыя выданні.
Пуцяводнік быў падрыхтаваны актывістамі Гарадзенскага Маладога Фронту пры падтрымцы Асамблеі НДА (Літва).
Фота аўтара