Ані шклянкі вады

|

Пра гэта паведаміў агенцыі БелаПАН праваабаронца Алег Волчак са спасылкай на адваката Аўтуховіча Паўла Сапелка.

Зараз Аўтуховіч знаходзіцца ў медчасці следчага ізалятара.

“Ніякай рэакцыі на гэтую галадоўку з боку ўлад, міліцыі, следства, пракуратуры пакуль няма. Па словах Сапелка, ён напісаў прашэнне на імя начальніка следчага ізалятара з просьбай даць магчымасць перадаваць Аўтуховічу крынічную ваду. Пакуль прашэнне не задаволілі”, – паведаміў Волчак. Ён дадаў, што Сапелка зможа сустрэцца з Мікалаем Аўтуховічам пасля святаў.

Аўтуховіч абвясціў галадоўку 16 красавіка. Ён патрабуе ў найхутчэйшы тэрмін або перадаць справу ў суд, або змяніць усім арыштаваным па гэтай справе меру ўтрымання ў следчым ізалятары пад аховай на падпіску аб нявыездзе.

Актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, Юры Леонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманы 8 лютага гэтага году. Санкцыю на затрыманне даў пракурор Гродзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 218 крымінальнага кодэксу (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

Здымак Юлі Дарашкевіч (nn.by)