Ініцыятыва “Ружовы слон” арганізуе ралявую гульню з дзецьмі-сіротамі

Зараз ідзе актыўная праца па распрацоўцы сюжэту, падбору касцюмаў і рэквізітаў, а таксама – арганізацыі транспартных перавозак і харчавання.

 

Ралявыя гульні часта праводзяцца ў нашым горадзе і маюць вялікую колькасць сваіх прыхільнікаў. Ідэя правесці яе менавіта з дзецьмі-сіротамі ўзнікла невыпадкова: па словах выхавацеля дзіцячага дома і па сумяшчэнні – зацятага “ралевіка” Уладзіміра Сямёнава, ралявая гульня – выдатны сродак для сацыялізацыі.

 

Падчас выканання разнастайных роляў дзіця вучыцца самастойна прымаць рашэнні, працаваць у камандзе. Апрача таго, такія гульні развіваюць фантазію, творчыя здольнасці, акторскае майстэрства, што, несумнеўна, пойдзе на карысць дзеткам, якія выхоўваюцца ў дзіцячым доме. Па сканчэнні школы дзеці выправяцца ў самастойнае жыццё, дзе ўжо не будзе той дапамогі, апякунства, кантролю з боку выхавацеляў. А ралявая гульня дазволіць “закінуць” іх у незнаёмую і нестандартную сітуацыю, падштурхне да пошуку выйсця і дасягнення сваіх мэтаў тымі ці іншымі спосабамі.

 

За аснову сцэнара гульні ўзята гістарычнае мінулае гэтай мясцовасці. Падобныя мерапрыемствы “Ружовы слон” ладзіць не ўпершыню. Раней валанцёры ладзілі з дзеткамі экскурсійна-турыстычныя падарожжы ў Навагрудак, на возера Свіцязь. У вёсцы Свяцк дзецям давялося ўдзельнічаць у сярэднявечнай пастаноўцы і быць прысвечанымі ў рыцары. Па словах аднаго з актывістаў ініцыятывы Андрэя Голеца, менавіта такія захапляльныя мерапрыемствы і ўвага – галоўнае, што патрэбна гэтым дзеткам:

 

Гэтым дзецям патрэбны хутчэй не падарункі – імі ніколі не заменіш асабістую ўвагу ды добрыя адносіны. Мяркую, што сваёй увагай, асабістым прыкладам ды цесным супрацоўніцтвам можна навучыць дзетак шмат чаму карыснаму і большаму. Менавіта таму мы і праводзім з імі гульні, конкурсы, разнастайныя мерапрыемствы; час ад часу проста прыходзім пагутарыць ці пагуляць у тое, у што яны самі хочуць.

 

Мясцовасцю для правядзення гульні была абрана сядзіба Пуслоўскіх у в. Свіслач Гродзескага раёна. Яна мае багатую гісторыю: фрэйліна царскага расійскага двара, графіня Марта Пуслоўская, атрымала гэты маёнтак у спадчыну пасля таго, як у 1882 годзе выйшла замуж за Казіміра Красінскага. Разам з сынамі – Міхаілам і Францішкам – яна любіла прыязджаць сюды з польскага Косава, дзе ёй належаў яшчэ адзін палац.

 

 Гэтая сядзіба была пабудвана ў стылі мадэрн (ці арт-нуво), што быў распаўсюджаны ў Еўропе ў 1890-1920 гадах. Тэхніка выканання прадугледжвала адыход ад прамых ліній і вуглоў і наданне большай увагі натуральным, “прыродным” лініям, новым матэрыялам – шклу, металу, у гэтым выяўлялася імкненне да стварэння адначасова і эстэтычна прыгожых, і функцыянальных будынкаў.

 

 

Вялікая ўвага надавалася не толькі знешняму выгляду будынкаў, але і інтэр’еру, які старанна прапрацоўваўся: усе канструктыўныя элементы – лесвіцы, дзверы, балконы – падлягалі мастацкай апрацоўцы.

 

 

 

 

Некаторыя элементы інтэр’еру захаваліся ў першапачатковым выглядзе. Зараз у будынку сядзібы месцяцца праўленне СВК “Свіслач”, бібліятэка, банк ды музей гісторыі Свіслачы, які па крупіцах, на працягу доўгага часу стварала яго захавальніца – Шыдлоўская Зінаіда Лявонцьеўна. Па яе словах, калі ствараўся музей у Новым Замку, графіня Красінская перадала яму ў дар каля дзесяці тысяч тамоў каштоўнейшай літаратуры самай рознай тэматыкі: слоўнікі, перыядычныя выданні, часопісы, мастацкая літаратура, энцыклапедыі, французская, нямецкая, польская мовы, латынь…Зараз яны знаходзяцца ў складзе фонда аддзела рэдкай кнігі.

 

Гэтыя кнігі з’яўляліся таксама часткай яе пасагу, падараванага бацькам – графам Вандалінам Пуслоўскім. Буйны памешчык і мануфактурыст, ён знакаміты тым, што не паскупіўся на ўзвядзенне асабістай рэзідэнцыі – шыкоўнага палаца ў Косава, аднаго з самых знакамітых у Беларусі.

 

 

Палац у Косава Тут жа, на яго суконнай мануфактуры была ўсталявана першая ў Беларусі паравая машына – там дзейнічалі чатыры паравыя ветракі. А на аналагічнай вытворчасці ў Слоніме была запушчана першая ў Беларусі гідраэлектрастанцыя. Функцыянавала яна на тэрыторыі буйнога сядзібнага комплексу са ставамі, лесапаркам, разнастайнымі гаспадарчымі пабудовамі, што называліся Юрзнікамі.

 

Па легендзе, пасля трагічнай смерці дзядзькі Марты – Альберта, найлюбімейшага сына яе дзеда Войцеха Пуслоўскага, сядзіба была пераіменавана ў яго гонар і стала называцца “Альберцінам” .

 

 

 

Пуслоўскія – старажытны дваранскі род герба Шэліга, занесены ў шостую частку радаслоўнай кнігі Гродзенскай губерніі.

 

Фота аўтара і з сайта “Глобус Беларусі”