Памяць патрабуе ўдакладнення
На чатырох металічных плітах выбіты імёны тых, хто змагаўся ў суровыя дні Вялікай Айчыннай. Артылерысты, сапёры, летчыкі, пехацінцы партызаны і падпольшчыкі, мужчыны і жанчыны… Спіс тых, хто тут ляжыць, з’явіўся ў 1949 г., тады, калі ў парку ўзнік першы варыянт помніка. Сёння можна ўпэўнена сказаць, што гэты спіс няпоўны, у ім ёсць пэўныя недакладнасці і нават памылкі.
Вось, напрыклад, старшы лейтэнант Паліноўскі. На помніку ўказана яго прозвішча і ініцыялы. Чаму ў адрозненні ад іншых толькі ініцыялы? А вось чаму. Саул Нахімавіч Паліноўскі нарадзіўся ў 1922 г., жыў на адной з вулачак Арбата ў Маскве. У Чырвоную Армію яго прызвалі ў 1940 г. Хлопец прайшоў паскораны курс ваеннага вучылішча і затым удзельнічаў у баях.
Як змагаўся адважны камандзір, гавораць радкі з узнагароднага ліста: «26 чэрвеня 1944 г. яго батарэя аказалася ў баявых парадках праціўніка. Завязалася рукапашная сутычка. Старшы лейтэнант Паліноўскі асабіста кіраваў боем і адбіў некалькі атак ворага». За гэты паядынак яго ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Гэта была апошняя ўзнагарода Паліноўскага.
22 ліпеня 1944 г. ён загінуў у баі непадалёку ад Гродна. У 1949 г., калі ў Савецкім Саюзе ішла барацьба з «бязроднымі касмапалітамі», нехта вырашыў, што не трэба рабіць акцэнт на нацыянальнасці героя, няхай на помніку будуць нейтральныя ініцыялы. Дык можа цяпер ёсць сэнс выправіць гэту недакладнасць?
Памылкова вызначана на помніку і гэта прозвішча: «Мікалай Іванавіч Гарбавы». На самай справе ў гродзенскім парку пахаваны Мікалай Іванавіч Грабавы. Ён быў родам з Жытомірскай вобласці Ўкраіны, служыў памочнікам па разведцы начальніка штаба 472-га артылерыйскага палка 42-й стралковай дывізіі. Старшы лейтэнант Грабавы быў цяжка паранены ў баі і памёр ад ран 21 ліпеня 1944 г.
Ёсць памылка на помніку і ў прозвішчы Кольны. Насамрэч тут пахаваны палкоўнік Іван Гаўрылавіч Кальны. У яго выпадку таксама чамусьці замест поўнага імя і імя па бацьку прысутнічаюць толькі ініцыялы. Насупраць прозвішча Яўгена Федасеевіча Саўчанкі не пазначаны гады яго жыцця, замест гэтага змешчана не зусім зразумелае слова «невыяўлен». Між тым, архіўныя дакументы сведчаць, што інжынер-маёр Яўген Саўчанка нарадзіўся ў 1909 г. і памёр ад ран у маі 1945 г.
Пра ўсё гэта я напісаў у Гродзенскі гарвыканкам. На мой погляд, прыйшла пара замяніць пласціны з імёнамі. Тым больш, што яны, пласціны, акрамя адной, той, што ў цэнтры, выглядаюць не вельмі хораша. Адказ мяне крыху здзівіў. Чыноўнікі гарвыканкама паведамілі, што помнік у парку сучасны і прыгожы. Дык я ж з гэтым і не спрачаўся. Карацей кажучы, дыялог адбыўся ў стылі пісьменніка-сатырыка Міхаіла Задорнава: «Ёгурт свежы?» – «Грушавы».