Абавязковага вывучэння гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску ў школах пакуль не будзе

|

Увядзення абавязковага вывучэння гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове ў найбліжэйшы час не адбудзецца. Гэта тлумачыцца невялікай колькасцю школьнікаў, якія валодаюць беларускай мовай, неабходнасцю перадрукоўваць падручнікі і Канстытуцыяй, піша interfax.by

 

Як адзначыў К.Фарыно на прэс-канферэнцыі  “Сярэдняя школа на сучасным этапе: стан, праблемы і перспектывы”, у перспектыве рашэнне паўсюль вывучаць гісторыю і геаграфію сваёй краіны на беларускай мове можа быць рэалізавана, але не зараз:

Напрыклад, для перавыдання падручнікаў для адной паралелі 5-га класа неабходна выдаткаваць каля 1,3 млрд рублёў, а для ўсіх класаў з 5-га па 11-ы, якія вывучаюць гісторыю Беларусі –  больш за 10 млрд”.

 

Чыноўнік адзначае: “Давядзецца адкарэктаваць нарматыўна-прававую базу — закон аб мовах, кодэкс аб адукацыі. Наогул, па Канстытуцыі  ў нас дзьве мовы, і права выбару адной з іх — за бацькамі”.


 “На гэты момант гісторыю Беларусі на беларускай мове ў нашай краіне вывучае каля 18% дзяцей, з якіх толькі 5% пражывае ў гарадах”, — растлумачыў Фарыно. Паводле Міністэрства адукацыі, гісторыю Беларусі на беларускай мове ў сельскай мясцовасці вывучаюць 56% школьнікаў, а на рускай — 44%.

Усяго 2 месяцы таму міністр адукацыі паведамляў журналісту “Звязды”:

Такая задача ўжо пастаўлена і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю.

 

Гісторыя і геаграфія Беларусі выкладаецца на рускай мове з 2006 года.

Вучням рускамоўных школ было прадастаўлена права выбіраць, на якой мове вывучаць гісторыю Беларусі ,  і хутка беларуская мова практычна  знікла з урокаў гісторыі, а беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі.

 

Здымак http://www.svaboda.org