Узнагарода Васіля Быкава

Другая Сусветная ўжо закончылася, падраздзяленне, у якім служыў Васіль Уладзіміравіч, знаходзілася на той момант у Аўстрыі, а сам бой, за які далі ордэн, адбыўся яшчэ ў сакавіку 1945 г. на тэрыторыі Венргыі. Ва ўзнагародным лісце чытаем: «Тав. Быкаў праявіў сябе смелым і мужным афіцэрам. Праціўнік, акружаны ў гэтым раёне, імкнуўся выйсці з боем з акружэння. Узвод лейтэнанта Быкава прыняў бой…»

 

Сам Васіль Быкаў успамінаў пазней гэты паядынак, як адзін з найбольш драматычных момантаў у сваёй франтавой біяграфіі. Друкарка, на якой запаўняўся ўзнагародны ліст, мела пэўную асаблівасць: у ёй адсутнічала літара «ы». Замест яе штабная машыністка выкарыстоўвала камбінацыю з «ь» і лічбы «1». Так што, нават з гэтага пункту гледжання дакумент атрымаўся ўнікальны. Аднак гэта яшчэ не ўся гісторыя.

 

У той жа травеньскі дзень такі ж баявы ордэн Чырвонай Зоркі атрымаў саслужывец Быкава старшы лейтэнант інтэндантскай службы Аляксандр Дзмітрыеў. За што? Давайце пачытаем:

 

«Раненняў і кантузій не мае. За тры гады службы ў палку набыў вялікі аўтарытэт сярод асабістага састава, дзякуючы імкненню як мага больш абслужыць полк па фінансаваму забеспячэнню. Актыўна ўдзельнічае ў размяшчэнні пазыкаў сярод асабістага састава. Полк другі год займае першае месца ў брыгадзе па суме падпіскі. У 1944 г. па даручэнні камандавання палка правёў вялікую работу па датэрміноваму пагашэнню падпіскі на пазыку, а затым па перадачы аплачаных аблігацый у фонд абароны краіны».

 

Згадзіцеся, сітуацыя быццам бы цалкам спісаная з ваенных твораў Васіля Быкава. Такіх невядомых шырокаму колу чытачоў эпізодаў у франтавой біяграфіі пісьменніка было шмат. На падставе архіўных дакументаў, якія мне давялося адшукаць, спадзяюся напісаць больш падрабязную працу пад умоўнай назвай «Васіль Быкаў на вайне».

Фота на застаўцы http://www.bykhov.by