Нататкі з нагоды аднаго юбілею
Здзіўляе ва ўсім гэтым тое, што 90 гадоў назад на Гарадзеншчыне ніякіх піянераў папросту не было. Упершыню яны з’явіліся тут амаль на васемнаццаць гадоў пазней.
Шумныя музычныя інструменты – барабан і горан – заўсёды былі атрыбутыкай піянерыі
У розных пакаленняў розныя гальштукі, бабулі ідуць з пунсовымі лапікамі на грудзях, сучасныя піянеры – з колерамі «нацыянальнага» сцяга
У 1922 г. некаторыя гарадзенскія хлопчыкі і дзяўчынкі аб’ядноўваліся ў скаўты. Гэта міжнародная арганізацыя ўзнікла ў 1907 г. у Вялікабрытаніі, і знакаміты лозунг «Будзь гатовы!» прыйшоў менавіта з берагоў туманнага Альбіёну. Аднак скаўты былі гатовыя, напрыклад, заўсёды дапамагчы слабейшаму, а савецкія піянеры рыхтаваліся дбаць пра справу камуністычнай партыі і толькі.
Подпіс на паштоўцы: будзь гатовы дапамагчы слабейшаму
Да распаўсюду скаўцкага руху ў царскай і савецкай Расіі меў непасрэднае дачыненне ўраджэнец Гродзенскай губерніі Барыс Саланевіч. У яго кнізе «Моладзь і ГПУ» ёсць нямала цікавых старонак пра тое, як чэкісты праследвалі скаўтаў, адначасова крадучы іх ідэі для савецкіх піянераў.
Загнаныя ў Савецкай Расіі ў падполле скаўты ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя з поўным адчуваннем свайго тагачаснага становішча спявалі:
Нас дзесяць, вы чуеце, дзесяць,
Старэйшаму менш дваццаці.
Нас можна, бясспрэчна, павесіць,
Ды трэба спачатку знайсці.
Украінскія маркі да 100-годдзя скаўтскага руху
Чамусьці ніхто пра тых дзяцей праз 90 год не ўспамінае. Сам жа Барыс Саланевіч і яго брат Іван Саланевіч (чыя маладосць была таксама цесна звязана з Гродна) у 1934 г. здолелі ўцячы з савецкага канцлагера «Беламора-Балтыйскі камбінат». Іх поўны драматызму шлях з савецкага паўночнага захаду да межаў Фінляндыі яскрава апісаны ва ўзгаданай вышэй кнізе Барыса Саланевіча і сачыненні Івана Саланевіча «Расія ў канцлагеры».
Небяспечная дарога праз непраходныя карэльскія лясы і балоты, адчуванне блізкай пагоні… Усё пераадолелі гэтыя мужныя людзі. Вось дзе прыклад для гартавання сённяшняга падрастаючага пакалення. Аднак на прайшоўшых урачыстасцях імёны братоў Саланевічаў, вядома ж, не ўзгадваліся. У міжнароднага скаўцкага руху сёлета таксама юбілей: 105-гадовы. Адзначым?
Сучасныя фота Любові Зорынай (Універсітэт залатога веку)