Прагулка з Віктарам Кірэевым па журналісцкай Гародні

|

Дзякуючы расповеду Віктара Кірэева госці і ўдзельнікі Фэсту пераканаліся, што і журналісцкая традыцыя Гродна быць можа самая багатая ў нашай краіне.

Да ўдзельнікаў прагулкі далучыліся і нашыя рэпарцёры.

 

Свой расповед краязнаўца пачаў  з паведамлення пра тое, якія газеты існавалі і існуюць у нашым горадзе.

 

 

Зразумела не абышлося без узгадвання пра тое, што менавіта ў Гродне ў другой палове 18 стагоддзя з’явілася першае на тэрыторыі сёняшняй Беларусі перыядычнае выданне “Газэта Гродзенска”. Уражаныя такімі глыбокімі каранямі гарадзенскай журналісцкай традыцыі ўдзельнікі вандроўкі з цікавасцю паслухалі пра больш сучасныя, але, нажаль, неіснуючыя незалежныя гарадзенскія газеты: легендарную (адну з першых пасля абвяшчэння незалежнасці краіны) беларускамоўную газету “Пагоня” (зачыненую ўладамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года і пазней выдаваную як газета “День”) і штотыднёвік “Біржа інфармацыі”.

 

 

Пасля расповеду пра рэпрэсіі ў дачыненні “Пагоні” і яе журналістаў, дарэчы было пазнаёміцца з іншай гарадзенскай  славутасцю – гарадзенскай турмой – таксама, нажаль,  звязанай з журналістыкай (узгадаем хаця б гісторыю зняволення Паўла Шарамета, за якога ўступаўся – “Няхай спачатку Шарамета адпусціць!” – перад беларускім прэзідэнтам сам Барыс Ельцын).

Апошнім журналістам, які зведаў знутры гэтыя муры, быў гарадзенскі карэспандэнт польскай “Газеты Выборчай” Андрэй Пачобут, дарэчы, – адзін з удзельнікаў ІІІ Фэсту моладзевай журналістыкі.

 

Адной з найбольш кранальных гісторый быў расповед пра знішчэнне савецкімі ўладамі ў 1961 годзе першай беларускай каталіцкай святыні Фары Вітаўта. Гэтае, адно з найбольш цяжкіх злачынстваў савецкай улады перад гарадзенцамі, не было ніякім чынам адлюстраванае ў гродзенскай прэсе тае пары. Прынамсі галоўная на той момант газета “Гродзенская праўда” пра выбух у цэнтры горада не напісала. Толькі праз нейкі час жыхары горада прачыталі на яе старонках з’едлівы артыкул Якава Наруша, пра тое, як “цемрашалы” ахмурылі і зацягнулі ў свае сеці нейкую маладую камсамолку.

 

Адным з перыядаў росквіту гарадзенскага перыядычнага друку можа лічыцца міжваеннае 20-ці годдзе мінулага веку. Толькі габрэйскіх газет выдавалася тады ў нашым горадзе каля сямі. Прычым частка з іх друкавалася на ідышы, а частка на іўрыце.