У Гродна затрыманыя журналісты. Ігар Банцар пакараны 13 суткамі арышту (Абноўлена)
Незалежныя журналісты звязваюць затрыманне сваіх калегаў з несанкцыянаванай акцыяй афіцыйна непрызнанага Саюза палякаў на Беларусі супраць русіфікацыі адзінай у Гродна польскай школы.
Акцыя павінна была адбыцца ў 11.00 каля Гродзенскага аблвыканкама.
Раніцай міліцыянты прыйшлі дадому да Алеся Дзянісава – незалежнага журналіста і музыкі.
Вось як развіваліся падзеі далей.
11.50. У Ленінскім РАЎС знаходзяцца на дадзены момант Ян Роман, Андрэй Фралоў і Ігар Банцар.
11.55. Новыя затрыманыя, сярод іх Юля Каляда. Са слоў дзяўчыны іх, чалавек 6, трымаюць у машыне без усялякіх тлумачэньняў у р-не Дзевятоўкі. Пасля акцыі, у якой прымала ўдзел каля 30 чалавек былі затрыманыя актывісты непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Ігар Банцар і Эдвард
Дзьмухоўскі.
12.35. Юлія Каляда знаходзіцца ў аддзяленні міліцыі Ленінскага раёну Гродна. Дзяўчына паведаміла радыё «Свабода», што разам з ёй яшчэ 10 затрыманых удзельнікаў акцыі.
13.20. Яна Романа выпусцілі, пратрымаўшы амаль тры гадзіны ў крымінальнай міліцыі на вул.Тэльмана. “Мне адразу далі зразумець, што мяне пратрымаюць 3 гадзіны, – кажа Ян Роман, – пад час сядзення міліцыянты правялі са мною гутарку і, каб я нечым мог заняць час, прапаноўвалі пачытаць кнігу “Гісторыя Крымінальнага вышуку”.
14.20. Вызвалены Андрэй Пачобут. Журналіста выклікалі сёння на 10.00 у аддзяленне міліцыі, дзе і пратрымалі цягам трох гадзін. Выйшаўшы на волю, ён патэлефанаваў жонцы.
15.30. Выпусцілі журналістак Гражыну Шалкевіч і Юлію Каляду. На іх і затрыманых разам з імі 6 чалавек склалі пратаколы за ўдзел у пікеце, хаця яны свой удзел адмаўлялі. Сярод затрыманых – моладзь і сталыя жанчыны. Суды над усімі павінны адбыцца ў панядзелак. Людзям паабяцалі, што пра час судовага паседжання паведамяць дадаткова. Папярэдне ўсе павінны з’явіцца ў суд у 10 гадзін раніцы.
Ігара Банцара збіраюцца судзіць ужо сёння.
16.10. У судзе Ленінскага раёна Гродна (на Даватара) пачаўся суд над Ігарам Банцарам. У будынак суда пусцілі толькі жонку журналіста.
Банцар запатрабаваў адваката, – прыехаў адвакат, з якім паспела заключыць дамову жонка Ігара.
17.10. Як распавяла “Твайму стылю” Анжаліка Арэхва, у судзе над Ігарам Банцарам ідзе допыт сведкаў абвінавачвання. З боку Банцара таксама заяўленыя 3 сведкі, іх пакуль не выклікалі.
19.00. Ігар Банцар асуджаны да 13 сутак адміністратыўнага арышту.
Паводле Анжалікі Арэхвы, жонкі журналіста, 11 сутак ён атрымаў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і яшчэ 2 за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі падчас затрымання.
Анжаліка Арэхва:
– Суд выслухаў сведкаў з абодвух бакоў. Бок абвінавачвання прадстаўлялі 6 сведкаў – міліцыянты, спецназаўцы і людзі ў цывільным. Яны сведчылі, што да Ігара падыходзілі і папярэджвалі пра тое, што мерапрыемства несанкцыянаванае, што вакол яго згрупаваліся людзі, якія перад гэтым стаялі асобнымі групкамі. Некаторыя казалі, што ён лаяўся матам, некаторыя – не.
Тры сведкі з боку абароны распавядалі, што на Банцара накінуліся адразу, як толькі ён падыйшоў да месца правядзення пікету і пачалі збіваць.
Прагледзеўшы відэа з месца затрымання, суддзя сказала, што на відэа не відаць, што ён актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемстве, але тое, што ўсе ўдзельнікі сабраліся вакол Ігара, як толькі ён падыйшоў, сведчыць пра яго актыўны ўдзел.
Ігар быў прыгатаваны да такога выніку.