«Гродна за параднымі фасадамі»: Беларускі тупік
Калі трапляеш сюды, здаецца, што на машыне часу скакнуў на трыццаць-сорак гадоў. З аднаго боку – прыватны сектар, некаторыя домікі адрамантаваныя, большасць – не. Тут жа – нейкі вагончык.
– А там наш бомж жыве, – растлумачыла мясцовая жыхарка.
Карціну дапаўняюць шчарбаты асфальт і старыя дрэвы, да якіх, на шчасце, яшчэ не паспела дабрацца сякера «лесаруба». У другім канцы вуліцы ў цяньку на траўцы ляжаць рабочыя. Відаць, пасляабедзенны адпачынак. Між намі адбываецца кароткі дыялог: «Хлопцы, а што вы тут робіце?» – «Рамантуем». – «А што рамантуеце?» – «Ды ўсё».
Я спрабую выбрацца адсюль, аднак выйсце перагароджана.
Дарэчы, вуліца называецца «Беларуская». Я б яе перайменаваў у «Беларускі тупік».