«Чырвонае кола» 1937-га
Прасочым лёс толькі аднаго чалавека, які трапіў тады пад «чырвонае кола». 14 траўня 1937 г. у Маскве быў арыштаваны камбрыг Якаў Жынко. У той час энкавэдзісты як раз рыхтавалі ўдар супраць вядучых савецкіх ваеначальнікаў Тухачэўскага, Якіра, Убарэвіча і іншых, вось у кампанію ваенных «тэрарыстаў-замоўшчыкаў» і трапіў Якаў Жынко.
Ён быў родам з вёскі Морына цяперашняга Іўеўскага раёна. Закончыў 4 класы Морынскай школы і Ўселюбскае двухкласнае вучылішча. Пад час 1-й Сусветнай вайны апынуўся ў Гатчынскай школе прапаршчыкаў, затым служыў малодшым афіцэрам у Кранштацкім палку. Як вядома, салдаты гэтага падраздзялення прымалі актыўны ўдзел у звяржэнні цара ў Петраградзе. Да іх далучыўся і Жынко. Ён увогуле зрабіў неблагую ваенную кар’еру, не вагаючыся, стаўшы на бок «чырвоных». Праз дваццаць гадоў выхадзец з беднай сялянскай сям’і меў, па сутнасці, генеральскае званне.
Нечакана трапіўшы ў яжоўскія засценкі, камбрыг Жынко, напэўна, да апошняга спадзяваўся на цуд, ён жа ні ў чым не вінаваты. Аднак 22 жніўня 1937 г. ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР на чале з сумнавядомым Ульрыхам прыгаварыла Якава Іванавіча да вышэйшай меры пакарання.
І толькі нядаўна, у нашыя дні, пасля рассакрэчвання дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве расійскага прэзідэнта, стала вядома, што судоваму прыгавору папярэднічала іншая падзея.
Быў складзены чарговы спіс кандыдатаў на «першую катэгорыю» – такой нейтральнай фармуліроўкаў бальшавікі маскіравалі расстрэл. Пад спісам стаяць подпісы асабіста Сталіна і яго паплечнікаў (некаторыя з іх самі потым стануць ахвярамі).
Яшчэ раз падкрэслю: вось гэта і ёсць сапраўдны дакумент, які паставіў апошнюю кропку ў жыцці чырвонага камандзіра і адначасова мнімага тэрарыста Якава Жынко. Афіцыйны суд потым толькі механічна праштампаваў дадзенае рашэнне.
Гэтая карцінка з мінулага ў нашай сённешняй рэчаіснасці вам нічога не нагадвае?
Ілюстрацыя на застаўцы: плакат «Искореним шпионов и диверсантов».