Як пачыналася вайна

|

 Глядзіце, да пачатку вайны заставалася яшчэ амаль суткі, а ў звышсакрэтнай паперы гаварылася, што на тэрыторыі СССР дзейнічаюць не ваенныя акругі, як у мірны час, а ўжо франты. Афіцыйнага тлумачэння гэтаму дакументу няма і сёння. А вось, калі згадзіцца з версіяй Віктара Суворава, што сталінскае кіраўніцтва рыхтавала прэвентыўны ўдар па Еўропе…

 

У траўні 1941 г. на тэрыторыях Украіны і Беларусі была праведзеная масавая мабілізацыя. У будучыя франты прызвалі сотні тысяч чалавек. Атрымаў позву з ваенкамата і Рыгор Шуліка, які жыў у прыгарадзе Крывога Рогу Днепрапятроўскай вобласці.

 

Цікавая дэталь: да прызыву ў армію ён працаваў шахцёрам. Людзі гэтай прафесіі заўсёды мелі адтэрміноўку, бо вугаль – стратэгічная ваенная сыравіна. Аднак гэтае правіла тут чамусьці не спрацавала, і 9 траўня 1941 г. Рыгор Шуліка апрануў салдацкі шынель. У яго дакументах адзначана, што салдат трапіў у адну з часцей Паўднёва-Заходняга фронту. Відаць, у тыя апошнія перадваенныя тыдні камусьці вельмі не цярпелася ўбачыць танкі з чырвонымі зоркамі на вуліцах Берліна, Парыжа, Лісабона.

 

Аднак усё адбылося інакш. Вельмі хутка пасля нечаканага гітлераўскага нападу на Савецкі Саюз чырвонаармеец Шуліка трапіў у нямецкі палон і апынуўся ў Гродзенскім шталагу № 324. Яму ўдалося перажыць першую ваенную зіму. Рыгор Шуліка памёр ад хваробаў і знясілення 6-га ліпеня 1942 г. Дакладна вядома, што ён пахаваны на могілках на Фолюшы. У адрозненні ад сотняў іншых вязняў шталагу № 324, чый лёс не вызначаны да канца і па сённяшні дзень.

Ілюстрацыя на застаўцы: shgpi.edu.ru