Праўленне непрызнаванага ўладамі СПБ выказала сваё абурэнне арыштам Андрэя Пачобута

|

У змешчаным на сайце СПБ звароце адзначаецца, што абмежаванне грамадзянскіх свабод на Беларусі ў апошнія гады стала штодзённай справай, а крымінальная справа супраць Андрэя Пачобута – “чарговы ганебны крок беларускіх уладаў скіраваны да поўнага знішчэння якой-кольвек некантраляванай грамадскай актыўнасці ў нашым краі.

Андрэй Пачобут – актыўны грамадскі дзеяч і каментатар публічнага жыцця ў Беларусі. Ягоны арышт – выразны сігнал для ўсіх беларускіх грамадзян, што мець уласнае меркаванне і адкрыта яго выказваць можа быць небяспечным.

Андрэй Пачобут – чарговая ахвяра рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў супраць уласных грамадзян.

Праўленне СПБ дамагаецца ад беларускіх уладаў зняцце з Андрэя Пачобута ўсіх абвінавачванняў і неадкладнага вызвалення з турмы.

Праўленне СПБ звяртаецца да міжнароднай грамадскай думкі прыкласці ўсе магчымыя намаганні дзеля вызвалення Андрэя Пачобута.”


У абарону Андрэя Пачобута, які з 21 чэрвеня знаходзіцца ў гарадзенскай турме, выступілі Вярхоўны камісар Еўрасаюза па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Эштан у прыватнасці адзначыла, што гэта не першае затрыманне журналіста, а абвінавачанні, выстаўленыя яму, упісваюцца ў агульную карціну пераследу апазіцыі і незалежных СМІ ў Беларусі. Вярхоўны камісар Еўрасаюза па знешняй палітыцы заклікала Мінск спыніць пераследы і дазволіць грамадзянам рэалізоўваць права на грамадскую і журналісцкую дзейнасць.

Туск заявіў, што за справай Пачобута сочаць польскія дыпламатычныя службы, і выказаў шкадаванне, што Польшча чарговы раз павінна ціснуць на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з затрыманнем апазіцыянераў. Прэм’ер паведаміў, што на апошняй сустрэчы Вышаградскай групы звярнуўся па падтрымку да калег з Чэхіі, Славакіі і Венгрыі і атрымаў «поўную салідарнасць».

 

Арышт і абвінавачанне ў паклёпе на прэзідэнта журналіста Андрэя Пачобута асудзіў Праваабарончы цэнтр “Вясна” , расцэньваючы гэта як палітычна-матываваны пераслед за прафесійную дзейнасць і выказванне меркавання. “Мы лічым Андрэя Пачобута новым палітычным зняволеным і патрабуем ягонага неадкладнага і безумоўнага вызвалення”, адзначаецца ў заяве “Вясны”.

 

Міністэрства замежных спраў Беларусі праз прэс-службу ў адказ выказала сваю ацэнку сітуацыі з арыштам  Андрэя Пачобута.

 «Паводле логікі польскага боку, тое, што А.Пачобут называе сябе журналістам, мае польскую нацыянальнасць, ды да таго ж «прызначаны» Варшавай старшынёй галоўнага савета Саюза палякаў на Беларусі, якім на самой справе з’яўляецца зусім іншы чалавек, робіць А.Пачобута «недатыкальным», — адзначае прэс-служба.

МЗС нагадвае, што Андрэй Пачобут «з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь» і, «як любы іншы беларускі грамадзянін, знаходзіцца ў прававым асяроддзі, вызначаным беларускім заканадаўствам». «У Беларусі ўсе грамадзяне, незалежна ад іх прафесійнай дзейнасці і нацыянальнай прыналежнасці, роўныя перад законам».

 «Замест спроб аказання націску на беларускую сістэму юстыцыі іх замежным ініцыятарам варта было б успомніць пра так часта дэклараваны нашымі еўрапейскімі партнёрамі прынцып вяршэнства закона, які ў выпадку з Беларуссю ўсё часцей спрабуюць падмяніць палітычнай мэтазгоднасцю», — рэкамендуе прэс-служба МЗС уладам Польшчы.

 

Між тым следчы Арсені Нікольскі даў дазвол на сустрэчу са зняволеным журналістам ягонай жонцы і дзецям, паведамляе Радыё Свабода.

Аксана Пачобут пойдзе на спатканне з мужам заўтра ў 9 гадзін раніцы.

 

Здымак http://www.svaboda.org