Андрэй Пачобут прызнаны вязнем сумлення
“Міжнародная амністыя” расцэньвае сітуацыю з Пачобутам як “частку карціны запалохвання актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў беларускімі ўладамі”, паведамляе сайт арганізацыі. “Пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года сітуацыя з правамі чалавека ў краіне беспрэцэдэнтна пагоршылася. Былі затрыманы ключавыя апазіцыянеры, з імі жорстка абыходзіліся, іх асуджалі падчас несправядлівых судовых разглядаў. Запалохванне працягваецца ў дачыненні да крытычна настроеных няўрадавых арганізацый, актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў”, — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
“Міжнародная амністыя” заклікае ўсіх спачувальных накіроўваць беларускім уладам лісты з заклікам неадкладна і безумоўна вызваліць Андрэя Пачобута, а таксама выконваць правы грамадзян на свабоду выказвання ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, якія ўзяла на сябе Беларусь.
Беларускі карэспандэнт польскай “Газеты выборчай” (Варшава) Андрэй Пачобут быў затрыманы 21 чэрвеня ў сябе дома ў Гродне. У яго кватэры правялі вобыск, пасля чаго Пачобута павезлі ў пракуратуру, а адтуль даставілі ў следчы ізалятар. У дачыненні да журналіста распачата справа на падставе ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта, учынены асобай, раней адсуджанай за паклёп ці абразу). Паводле слоў жонкі Пачобута Аксаны, нагодай для крымінальнага пераследу яе мужа сталі яго артыкулы, размешчаныя на сайтах “Хартыя`97” і “Беларускі партызан”, у якіх ішла гаворка пра вынясенне смяротных прысудаў Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, абвінавачаным у тэрарызме.
Год таму Пачобута ўжо судзілі паводле ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Тады суд Ленінскага раёна Гродна прыгаварыў журналіста да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Зараз яму пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.
Чакаецца, што абвінавачанне Пачобуту будзе выстаўлена ў канцы гэтага тыдня.