Гарадзенскі след у таямніцы смерці Янкі Купалы?

|

І сёння не сціхаюць спрэчкі пра тое, што на самай справе адбылося ў той ракавы дзень у гасцініцы “Масква”.

Некалькі гадоў таму ў гарадзенскай кнігарні “Раніца” я пазнаёміўся з цікавым чалавекам. Мы доўга стаялі каля адной паліцы, гарталі адныя і тыя ж кніжкі, нарэшце, разгаварыліся. “Аляксандр Іванавіч”. – назваўся незнаёмец.

Пазней я высветліў, што на той момант яму было ўжо за семдзесят, аднак Аляксандр Іванавіч выглядаў маладзейшым, трымаўся бадзёра, руку ціснуў моцна, некалькі разоў на тыдзень наведваў спартыўную залу, дзе “цягаў жалеза”.

 

Пазнаёміўшыся, мы час ад часу перасякаліся ў “Раніцы” і, калі мелі вольны час, прагульваліся па вуліцах і размаўлялі.

Аляксандр Іванавіч распавёў, што жыве адзін, таму зразумелай была яго цікавасць да суразмоўцы, а распавесці яму было што.

Ён нарадзіўся ў пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя ў Львове, падчас Другой сусветнай жыў у Варшаве. Пасля вайны вярнуўся ў Львоў, там вучыўся і працаваў, а пазней зноў пераехаў у Варшаву. “І што вы там рабілі?” – запытаўся я. Аляксандр Іванавіч не стаў адмаўляць, што працаваў на савецкія спецслужбы. “Заданне мне даваў асабіста ваш падвойны цезка”, – усміхнуўся мой суразмоўца. Гэта значыць, Юрый Уладзіміравіч Андропаў, шэф КДБ на працягу пятнаццаці гадоў.

 

Падрабязнасці сваёй працы за мяжой Аляксандр Іванавіч не ўзгадваў, сказаў толькі, што цяпер жыве ў Гродне, але ў Польшчы ў яго засталася невялічкая кватэра, куды ён час ад часу наведваецца. Сустракаючыся, мы не абмяркоўвалі нейкія шпіёнскія аперацыі, размаўлялі пра кнігі, пра кіно, гісторыю. Інфармаванасць майго знаёмца ўражвала.

 

Аднойчы мы гаварылі пра беларускую літаратуру, і раптам Аляксандр Іванавіч запытаўся, ці хачу я ўбачыць фотаздымак асадкі Янкі Купалы. Я спачатку не зразумеў, пра што ідзе гаворка, тады Аляксандр Іванавіч удакладніў: “Асадка, якая выпала з кішэні Купалы ў гасцініцы “Масква” 28 чэрвеня 1942 года”.

 

Толькі цяпер да мяне дайшло.

Фотаздымак з архіваў КДБ?

Аляксандр Іванавіч няпэўна паціснуў плячыма, а потым сказаў:

Калі чалавека паспрабаваць скінуць з вышыні, піхаць яго ў грудзі, той інстынктыўна хапаецца рукамі за свайго крыўдзіцеля, ёсць небяспека абодвум грымнуць у бездань. А вось калі прысесці, раптоўна схапіць ахвяру за шчыкалаткі і рэзка дзёрнуць, можна без асаблівых цяжкасцей перакінуць чалавека праз парэнчы. Той нават крыкнуць не паспее. У Купалы, здаецца, зляцеў адзін туфель?

 

Я быў ашаломлены. Можа, менавіта так усё і адбывалася ў той далёкі чэрвеньскі дзень 1942 года?

А фотаздымак купалаўскай асадкі я так і не ўбачыў. Пры чарговай сустрэчы Аляксандр Іванавіч развёў рукамі, маўляў, нічога не атрымалася. Больш да гэтай тэмы мы не вярталіся.

 

Тайна гібелі выдатнага сына беларускага народа па-ранейшаму застаецца нераскрытай.