Леанід Герасімавіч. Што ён зрабіў для Гродна?

|

Што ж такога выдатнага зрабіў для Гродна тав. Кляцкоў, хто ён увогуле такі?

 

На праспекце, які носіць яго імя, я запытаўся пра гэта ў некаторых мінакоў. Часцей за ўсё ў адказ гучала: “Не ведаем”. Нехта сказаў, што Кляцкоў – вядомы спарцмен, потым паправіўся: “Не, ён ваяваў тут”. І толькі адзін чалавек сталага веку даў правільны адказ: “Леанід Герасімавіч быў першым сакратаром Гродзенскага абкаму партыі”.

 

Дадам, на працягу амаль сямнаццаці гадоў у сямідзесятыя-васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя. Па сутнасці, быў гродзенскім губернатарам. У той час хадзілі аўтобусы, працавалі заводы, вучні вучыліся ў школах, кожны год (як і цяпер) ішла традыцыйная бітва за ўраджай. Ну, гэта зразумела. А чым такім вызначыўся сам Леанід Герасімавіч, асабіста? Пра гэта крыху пазней.

 

Пачатак кар’еры

 

Ён нарадзіўся ў 1918 г. у вёсцы Шыліна Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Цікавае супадзенне: яшчэ адзін старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандр Дубко таксама быў родам з Шуміліншчыны.

 

Пра бацькоў і дзіцячыя гады Кляцкова ў яго афіцыйнай біяграфіі нічога не гаворыцца, адразу адзначаецца, што ў 1935 г. сямнаццацігадовы юнак стаў загадчыкам хаты-чытальні ў вёсцы. Неблагая пасада для маладога хлопца, гэта не калгас сталінскага часу, куды страшна трапляць. З чытальні кар’ера юнака пачала хутка развівацца. Ён – сакратар, а затым – старшыня сельсавета, сакратар райвыканкама, райкама камсамола.

 

Імклівы ўзлёт Кляцкова абумоўліваўся тым, што сталінскія рэпрэсіі 1937-38 гг. рабілі вакантнымі мноства начальніцкіх пасадаў. Тады каму як выпадала. Леанід Кляцкоў, на шчасце, не стаў ворагам народа, а бадзёра пайшоў наперад, ззяючы камсамольскім значком. А ўжо ў 1940 г. ён атрымаў партыйны білет. У 1941 г. яго прызвалі ў армію, як раз у набор палітработнікаў.

 

У часы вайны

У афіцыйнай біяграфіі Кляцкова гаворыцца, што ён – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. І ўсё. Больш ніякіх падрабязнасцей. Ні пра ўдзел у баявых дзеяннях, ні пра магчымыя ўзнагароды. Між тым, Леанід Герасімавіч прайшоў усю вайну ад пачатку і да Перамогі і быў узнагароджаны двумя ордэнамі Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Да прыкладу, Васіль Быкаў, які ўдзельнічаў у многіх цяжкіх баях, за ўсю вайну атрымаў толькі адзін ордэн Чырвонай Зоркі. А тут – вунь якое сузор’е. Чым жа вызначыўся Кляцкоў на вайне? Першы ўзнагародны ліст на яго быў складзены ў лютым 1944 г. Пачытаем?

 

“Старшы лейтэнант Кляцкоў – сакратар камсамольскай арганізацыі 321-га стралковага палка 15-й Сівашскай стралковай дывізіі. За час наступлення забяспечыў бесперарыўную камсамольскую работу ў падраздзяленнях палка. Толькі за апошні час прынята ў камсамол 33 чалавекі. Рэкамендавана ў партыю 12 камсамольцаў”. І далей:

 

У час боя сярод камсамольцаў вядзецца вялікая палітыка-выхаваўчая работа (цікава, гэта як, у якім месцы боя? – Ю.К.), што забяпечвае (увага! – Ю.К.) авангардную ролю камсамольцаў у баі… Тав. Кляцкоў знаходзіцца на пярэднім краі і накіроўвае работу камсоргаў батальёнаў і рот на лепшае выкананне баявых загадаў камандавання. Часта гутарыць з байцамі. У баях за населеныя пункты Калінкавіцкага раёна Палескай вобласці рыхтаваў байцоў да атакі (якім чынам, гаварыў, што паміраць не страшна? – Ю.К.) і асабістым прыкладам натхняў байцоў на баявыя подзвігі (але чым канкрэтна натхняў, так і не гаворыцца – Ю.К.). У баі за сяло Якімовічы замяніў намесніка камандзіра батальёна па палітчастцы, які выбыў са строю і да прызначэння новага… (адбіў гітлераўскую атаку? Працягваў вясці бой? Не, зусім не – Ю.К.) кіраваў партыйна-палітычнай работай батальёна”.

 

І які ж вынік узнікае з усяго вышэйсказанага? Вось які:

 

“За праяўленыя мужнасць і адвагу у баях з нямецкімі захопнікамі заслугоўвае ўзнагароджвання ордэнам Чырвонай Зоркі”.

 

І ўзнагародзілі. Затым, прыкладна за тое ж самае, — другім ордэнам Чырвонай Зоркі, а затым – ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

 

Гэтую апошнюю ўзнагароду атрымліваў ужо капітан Кляцкоў. І не сакратар камсамольскай арганізацыі палка, а памочнік начальніка палітаддзела спецчасцей 65-й арміі. Спецчасці – гэта і заградатрады, і аддзелы контрразведкі “Смерш”. Такім чынам, у апошні ваенны год Кляцкоў стаў (па роду займаемай пасады) кадравым супрацоўнікам дзяржбяспекі. А гэта – такая арганізацыя, з якой сваімі нагамі не выходзяць. І яшчэ адна цікавая дэталь франтавой біяграфіі Кляцкова: за ўвесь ваенны перыяд ён не быў ні паранены, ні кантужаны. Ні разу. Пашанцавала.

 

Наменклатурны шлях

Леанід Герасімавіч толькі ў 1947 г. звольніўся з арміі (і стаў афіцэрам дзеючага рэзерву тагачаснага МДБ). Кар’ерны рост пасля гэтага – толькі па ўзыходзячай. Леанід Герасімавіч спачатку працаваў 1-м сакратаром Ашмянскага райкама КПБ, у 1955 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Гэта да пытання пра адукацыю Кляцкова. Чамусьці ён лічыцца аграрыем, зусім не, звычайны прафесійны партфункцыянер. Увогуле невядома, якую школьную адукацыю меў наш герой, колькі ён закончыў класаў. А партыйная школа – гэта так, курсы для сваіх.

 

У 1960 г. Кляцкоў трапляе ў беларускую сталіцу, становіцца сакратаром Мінскага абкама партыі. У 1962 г. у Маскве ствараецца Камітэт партыйна-дзяржаўнага кантролю, які ўзначальвае Аляксандр Шалепін, вядомы як “жалезны Шурык”. Цікава, што перад гэтым Шалепін некалькі гадоў быў на чале КДБ СССР. Дык вось, мінскай структурай партдзяржкантролю стаў кіраваць Леанід Кляцкоў. Свае хлопцы дапамаглі?

 

Некаторы час Шалепін лічыўся рэальным кандыдатам на самую вышэйшую пасаду ў Савецкім Саюзе. Аднак неўзабаве яго зорка закацілася. І па нейкаму супадзенню адпаведную беларускую пасаду амаль адначасова з маскоўскім шэфам пакінуў Кляцкоў. Ён хуценька паспеў перабрацца ў ЦК КПБ. Чымсьці спадабаўся Пятру Машэраву і такім чынам застаўся у наменклатурнай абойме.

 

Пік кар’еры

У 1972 г. Леанід Кляцкоў стаў 1-м сакратаром Гродзенскага абкама партыі. І тут ён адразу сутыкнуўся вось з якой праблемай. Для Гродна і вобласці катастрафічна не хапала мяса. Мяса, мясапрадукты, каўбасы, трапіўшы ў магазіны (звычайна днём) хутка раскупляляся і заставаліся пустыя паліцы. Той, хто вечарам вяртаўся з працы, бачыў сумную карціну. Раздражненне расло. А мясныя фонды ніхто не дабаўляў. Што рабіць у такой сітуацыі? Падумайце. Цяжкая задачка? Леанід Герасімавіч яе паспяхова вырашыў.

 

Амаль усё мяса, што выдаткоўвалася на вобласць, стала паступаць у крамы менавіта ў выглядзе мяса. А каўбасы з дзяржаўнага гандлю зніклі. Гэты від прадукцыі застаўся толькі ў спецразмеркавальніках і ў спецыялізаваных аддзелах магазінаў, дзе па картках і па фіксаванай цане яе маглі набыць, напрыклад, інваліды ці дыябетыкі. Аднак каўбаса не знікла як клас. Яе можна было свабодна набыць у магазінах спажывецкай кааперацыі, толькі па больш высокаму кошту.

 

У спажывецкую кааперацыю мяса ішло з іншых фондаў, туды маглі пастаўляць сваю прадукцыю мясцовыя калгасы і саўгасы. Так першы сакратар абкама Кляцкоў амаль вырашыў вельмі балючую для гродзенцаў мяса-каўбасную праблему. У абласным цэнтры ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя гэта выглядала так. Хочаш таннага мяса – падушыся мінут сорак у чарзе  і абавязкова што-небудзь купіш. Не хочаш душыцца – завядзі знаёмства з рубшчыкам мяса, о, якая была паважаная прафесія! Вырашыў пакаштаваць “Доктарскую” – калі ласка, у суседнюю краму з шыльдай “Белкаап”, дзе амаль без чаргі, толькі для кішэні адчувальна.

 

У іншых гарадах Савецкага Саюза, наколькі я ведаю, да такога не дадумаліся. Дзялілі тыя няшчасныя фонды на мяса і каўбасу, у выніку і тое, і другое імгненна знікала з магазінных прылаўкаў. Праўда, у гродзенцаў у тыя часы была яшчэ выдатная магчымасць паехаць у суседнія Друскенікі і там затаварыцца па поўнай. Чамусьці ў Літве танных прадуктаў (як, дарэчы, і цяпер) у свабодным продажы было значна больш. Літоўцы не вельмі любілі нашэсце братоў-беларусаў, імкнуліся выкінуць каўбасу ў продаж пасля таго, як на Гродна адыходзіў апошні цягнік, толькі гэта ўжо былі тэхнічныя дробязі.

 

Вось што канкрэтна зрабіў для гродзенцаў асабіста Леанід Герасімавіч Кляцкоў. Ці дастаткова гэтага для таго, каб яго імем была названа вуліца? На гэта пытанне паспрабуйце адказаць самі.