“Bulbamovie 2012” прымае заяўкі на конкурс

|

“Bulbamovie” – фестываль беларускага кіно, які дэбютаваў амаль год таму ў Варшаве. Фэст быў арыентаваны на польскага гледача з мэтаю  пазнаёміць палякаў з кінематографам з-за ўсходняй мяжы.

 

На першым фэсце ў 2011 годзе для прысутных на імпрэзе польскіх кінакрытыкаў гэта была першая сустрэча з беларускім кіно. За два дні варшаўскі кінатэатр “Luna”, дзе адбываліся паказы, наведалі 1500 гледачоў.

“Mы паказалі амаль усё, што адбылося апошнім часам у беларускім кіно. Былі фільмы маладых творцаў Aрцёма Лобача і Сяргея Kаласоўскага, дакументальнае кіно “Беларусьфільмy” і “Белсату”, рэтраспектыва фільмаў Aндрэя Kудзіненкі”, – раcпавядае арганізатар Януш Гаўрылюк.

На дадзены момант ідзе праца над складаннем праграмы другога па ліку фэсту, які адбудзецца 26-28 кастрычніка 2012 года. Вядома, што сёлета будзе конкурс для беларускіх кінатворцаў і барацьба за галоўны прыз “Залатая бульба”.

 

Запоўніць заяўку на фільм можна тут: www.bulbamovie.pl