Адсвяткавалі. Кожны – у меру сваіх магчымасцяў

З боку вуліцы Акадэмічнай працаваў КПП, які я паспяхова пераадолеў. Ну, вось я і ў цэнтры свята. Людзей у парку многа, аднак, хіба, менш, чым у мінулыя гады. Працавалі шматлікія гандлёвыя кропкі, да атракцыёнаў цягнуліся доўгія чэргі. Мне падалося, што на тварах людзей было нейкае расчараванне. Відаць, народ, які сабраўся на свята, чакаў забаўляльнай праграмы, магчыма, раздачы прызоў, скідак у гандлі, але нічога такога не было.

 

Тым часам на плошчы Леніна ішоў святочны канцэрт. Вядучыя са сцэны практыкаваліся ў гумары:

 

– Гарадзенцы, радуйцеся святу, якое нам дасталася ад нашых дзядоў.

– Можа, дзедаў?

– Ты яшчэ скажы, продкаў…

Цэнтральная частка парку была агароджана, і туды нікога не пускалі. Я спытаўся ў міліцыянта, чаму, можа, каб не пакралі вянкі ад помніка? У адказ пачуў, што там працуюць піратэхнікі, рыхтуюць салют. Свята 3 ліпеня сваімі каранямі звязана з мінулай вайной, але да помніка савецкім воінам і партызанам падысці магчымасці не было. Здавалася, што міліцыянты ахоўваюць мёртвых ад жывых… Сімвалічная карцінка.

 

І яшчэ адзін момант уразіў. Колькасць праваахоўнікаў у цэнтры горада зашкальвала. То тут, то там мільгала блакітная форма салдатаў унутраных войск, белыя святочныя кашулі звычайных міліцыянтаў, чорная ўніформа спецназу…

Больше таго, каля аднаго з уваходаў у парк напагатове сталі тры (!) вялікія аўтазакі і ўжо знаёмы многім гродзенцам зялёны аўтобус. За будынкам гарвыканкама хаваўся аўтобус бардовага колеру і цэлы натоўп міліцыянтаў. Ці не пяцёх з іх я ўбачыў у фае гарвыканкама. Што гэта ўвогуле? Нават на афіцыйным свяце ўлады чакалі рэвалюцыі?

 

 

Напрыканцы майго святочнага шпацыру – цікавы эпізод. Чалавек, які ўжо добра адзначыў Дзень незалежнасці, апусціўся на калені перад агароджай сабора насупраць універсітэта і заснуў. Афіцэр-даішнік і двое яго памагатых хуценька пацягнулі небараку да міліцэйскай машыны. Што ж, калі нават адзін чалавек на які-та час забыўся пра свае праблемы і яму стала хораша – значыць, свята ўдалося.