Аграгарадкі ў кожным двары

Некалькі гадоў таму усё Іўе ўсхваляваў выпадак, калі з кандыдата на вакантнае месца санітаркі ў шпіталі патрабавалі досыць вялікія па мясцовых мерках грошы.

 

З другога боку, тыя, хто працуюць, зарабляюць не вельмі многа. Буйных прадпрыемстваў у Іўі няма, невялікі кансервавы завод перастаў існаваць, зрабіўся першым у Беларусі афіцыйным банкрутам, так што, не вельмі разгонішся. І ўсё ж людзі неяк выкручваюцца.

 

 Выжыць у сённяшніх складаных умовах дапамагаюць прысядзібныя ўчасткі. Калі раней вырошчваннем гародніны займаліся пераважна татары, то цяпер у гэтай справе задзейнічаны амаль усе. Агароды ці «соткі” пад бульбу маюць нават тыя, хто жыве у шматкватэрных дамах. І што толькі не вырошчваюць актыўныя людзі: раннія кветкі, памідоры, агуркі, капусту … Некаторыя едуць за элітным насеннем нават у Галандыю.

 

Той, хто ўпершыню трапіць у Іўе і прагуляецца па розных вулачках, будзе здзіўлены колькасцю і памерамі парнікоў і цяпліц. Вось дзе сапраўдныя аграгарадкі! Работа ў іх кіпіць ад ранняй вясны да позняй восені. Пры сустрэчы з аднакласнікам, заўважыў, што той радуецца, быццам выйграў у латарэю: «Ведаеш, за маёй хатай пуставаў кавалак зямлі, дык я яго цішком прысабечыў».

 

Цікава, што ўраджэнка Іўеўскага раёна, якая зараз працуе ў Маскве намеснікам рэдактара «Расійскай газеты», у свой час была актыўным барацьбітом з такімі ўласніцкімі настроямі на зямлю. Працуючы тады карэспандэнткай «Камсамольскай праўды», яна распачала кампанію супраць тых беларусаў, хто яшчэ ў савецкі перыяд корпаўся ў сваім агародзе і меў неблагі ўраджай, даводзіла да чытачоў думку, што спачатку трэба дбаць пра калгаснае, а потым – пра сваё. Усё змянілася за якое-та дзесяцігоддзе.