«Ад акіяна да акіяна» – у барацьбе за дзіцячае жыццё

|

У Беларусі хрэсны ход пройдзе ў гарадах: Полацк, Верхнядзвінск, Міёры, Глыбокае, Ліда, Гродна, Брэст, Баранавічы, Мінск, Барысаў, Магілёў, Бабруйск, Гомель.

Сёння Беларусь знаходзіцца на другім месцы ў свеце па колькасці разводаў. Па статыстыцы ў нашай краіне распадзецца 7 з 10 сем’яў. Кожны дзень у Беларусі здзяйсняецца ў сярэднім 101 аборт. А каэфіцыент прыросту насельніцтва складае – (мінус) 0,23. Медыкі ўжо даўно б’юць трывогу, і кажуць пра тое, што Беларусь знаходзіцца на краі дэмаграфічнай ямы.

З-за гэтай гнятлівай статыстыкі пралайф-рух у Беларусі ініцыяваў правядзенне міжнароднага аўтапрабегу «Ад акіяна да акіяна». Праект з’яўляецца адной з формаў грамадскага адказу на гэтыя выклікі, сцвярджаюць арганізатары.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў у рамках кампаніі «Ад акіяна да акіяна» з’яўляецца правядзенне міжнароднага хроснага ходу з абразом Божай Маці «Чэхантоўскай» у форме аўтапрабегу ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. 15-га чэрвеня ён стартаваў ва Уладзівастоку. Канчатковым пунктам у снежні 2012 года стане горад Фаціма ў Партугаліі.

Геаграфія праекта ахоплівае больш за 20 краін. Ключавымі пунктамі маршруту з’яўляюцца Венгрыя, Польшча і Ірландыя – краіны з прасямейным заканадаўствам.

У кожным населеным пункце па шляху руху аўтапрабегу будуць праводзіцца круглыя сталы і лекцыі, тэматычныя выставы, распаўсюджванне сацыяльнай рэкламы, канферэнцыі і тэматычныя перадачы.

Любы жадаючы зможа далучыцца да праезду аўтакалоны.