Эпізод з жыцця Ларысы Геніюш
15 траўня 1968 г. Ларыса Геніюш пісала настаўніку Гудзевіцкай школы, што на Мастоўшчыне, Алесю Белакозу: «Дарагі Саша! Атрымала кніжкі і газэты. Дзякую за газэты, я і не спадзявалася, што ў Мастах мяне надрукавалі. Чула, што ў Менску нельга…»
Пра публікацыю ў мастоўскай газеце ідзе гаворка яшчэ ў адным лісце Геніюш. 21 траўня 1968 г. яна пісала выкладчыку тагачаснага Гродзенскага педінстытута Аляксею Пяткевічу: «А яшчэ так хораша надрукаваў мяне ў «Зары над Нёманам» Жалкоўскі. Жаль будзе, калі яго «ўкусяць».
Сапраўды, дзіўны выпадак. На той момант у Савецкай Беларусі выйшаў адзіны зборнік паэзіі Ларысы Геніюш «Невадам з Нёмана» (1967 г.). Час ад часу – не надта часта – паэтку друкавалі ў Мінску ў рэспубліканскіх часопісах і газетах. Публікацыі адбываліся дзякуючы намаганням сяброў Ларысы Антонаўны, у першую чаргу Максіма Танка.
У тым, што паэтычнае слова Геніюш даходзіла да чытача, быў, канешне,пэўны ідэалагічны момант. Паэтка, якая адсядзела ў сталінскіх лагерах восем гадоў і затым не прыняла савецкага грамадзянства, зрабілася своеасаблівым сімвалам супраціўлення таталітарызму. Вакол яе ў Зэльве стварылі адпаведную абстаноўку. У нетрах УКДБ па Гродзенскай вобласці дзейнічала спецыяльная група, якая займалася выключна (!) справамі Ларысы Геніюш.
Каб «забугорныя галасы» накшталт радыё «Свабода» не маглі гаварыць пра ўціск на Ларысу Антонаўну, перыядычна яе вершы з’яўляліся ў афіцыйным друку. Аднак, мяркую, перш чым паэтычныя радкі Геніюш траплялі на старонкі часопіса «Полымя» альбо газеты «Літаратура і мастацтва», гэту падзею папярэдне ўзгадняла мноства мастацтвазнаўцаў у цывільным.
І раптам – ніякім начальствам не санкцыянаваная публікацыя ў мастоўскай раённай газеце «Зара над Нёманам». У краязнаўчым аддзеле Гродзенскай абласной біблятэкі імя Карскага я пагартаў падшыўку «раёнкі» за 1968 год. І вось што высветлілася. Спачатку 24 лютага 1968 г. у газеце з’явілася рэцензія А. Белакоза на зборнік «Невадам з Нёмана». Аўтар пісаў:
«Зноў вярнулася ў літаратурнае жыццё наша таленавітая зямлячка паэтэса Ларыса Геніюш. Нядаўна выйшаў яе паэтычны зборнік «Невадам з Нёмана». Хоць Ларыса Антонаўна не пераставала пісаць, аднак яе лёс склаўся так, што выданне першага зборніка ў нашай краіне зацягнулася… Жыццё склалася так, што ўсю маладосць Л. Геніюш пакутавала на чужыне. Як яна сумавала па родным наднёманскім краі, гаворыць эпіграф да першага зборніка яе твораў «Ад родных ніў», які выдадзены да вайны ў Празе».
У гэтай рэцэнзіі што ні слова, то крамола – і Ларыса Геніюш названа таленавітай, і пра яе суровае жыццё гаворыцца, і пра тое, што першы зборнік быў выдадзены ў Празе. Ужо за адну гэту публікацыю і аўтару, і рэдактару маглі добра даць па «шапцы». Аднак, далей адбыліся яшчэ больш дзіўныя рэчы. 13 красавіка таго ж года «Зара над Нёманам» друкуе падборку вершаў Л. Геніюш, сярод якіх цудоўная «Паземка»:
Дзіўная сёння з полем гаворка,
Ляціць паземка з горкі на горку,
Уздымае вецер снег пад нагамі,
Кружыць сняжынкі паміж кустамі.
Я тут, і вецер, і месяц – трэці,
Схапіў і душу ў далонях песціць.
Ноч наступае насустрач воддаль.
Гамонім з полем на мове роднай.
Здавалася б, рэдактар газеты Аляксандр Жалкоўскі зрабіў немагчымае – прабіў сцяну адчужэння вакол апальнага аўтара вось на такім мясцовым узроўні. Хопіць ужо і гэтага, але цуд працягваўся. Праз два тыдні, 27 красавіка, акурат напярэдадні першамайскіх святаў, у мастоўскай «раёнцы» з’яўляецца новая падборка твораў Геніюш. Сярод іншых надрукаваны і вось такі верш:
О, злы сусед, апамятайся ўрэшце,
І мовы не бяры майму дзіцяці.
Каму сказаць, каму зможаш давесці,
Што мачыха раднейшая за маці?..
Зразумела, што гаворка ў творы ідзе пра лёс беларускай мовы. Яшчэ раз нагадаю, верш друкуецца напярэдадні аднаго з галоўных савецкіх святаў. Больш за тое, на двары 1968 год. Квітнее пражская вясна, а ў Савецкім Саюзе паўсюдна ўзмацняецца барацьба з іншадумствам. І тут такая ідэлагічная дыверсія.
Рэдактар мастоўскай газеты Аляксандр Жалкоўскі прыязна ставіўся да творчасці Ларысы Геніюш. А паколькі тады рэдактар «раёнкі» адначасова з’яўляўся і цэнзарам, то менавіта ён канчаткова вырашаў, што ставіць на газетную паласу. Канешне, кожны рэдактар добра ведаў, што будзе, калі раптам хоць крыху адыдзеш ад генеральнай лініі партыі. Таму ніякіх нечаканасцей у газетным жыцці Савецкай Беларусі не назіралася. За выключэннем аднаго выпадку ў 1968 г. Што самае дзіўнае, гэты эпізод не меў ніякіх адмоўных наступстваў у жыцці адчайнага рэдактара. Ён працягваў узначальваць мастоўскую газету, потым працаваў рэдактарам лідскай газеты «Уперад», уласным карэспандэнтам «Гродзенскай праўды». Аляксандра Жалкоўскага не стала ў мінулым годзе.
Вось яно як часам бывае. Ідзеш супраць цёмных сілаў – і яны раптам адступаюць. І якая гэта асалода: у самых розных сітуацыях адчуваць сябе чалавекам.