Эколагі запрашаюць у летнік

|

Вы зможаце даведацца, што такое хімічная бяспека і як абыходзіцца з адкідамі, пазнёміцеся з вопытам экалагічных кампаній і грамадскага ўдзелу ў вырашэнні пытанняў дадзенай тэматыкі.

 

Удзел у летніку – гэта новыя веды ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і выкарыстання іх у паўсядзённым жыцці, гэта пляцоўка для абмену вопытам па ўдзелу ў вырашэнні існуючых экалагічных праблем, гэта новыя знаёмствы, уражанні, навыкі і многае іншае.

 

Праграма лагера «Чыстая Дзвіна – Чыстая Балтыка 2012» ўключае ў сябе:

– Трэнінгі і гутаркі па хімічнай бяспецы і адкідах, а таксама іншых актуальных экалагічных тэмах, якія будуць праводзіць прадстаўнікі вядучых экалагічных арганізацый з Беларусі і іншых краін.
– Цікавыя экскурсіі;
– Дыскусіі на экалагічныя тэмы з цікавымі людзьмі;
– Прагляд фільмаў і экалагічных відэаролікаў;
– Жывыя зносіны, вечары ля вогнішча, канцэрты і культурныя мерапрыемствы.

Мэта, дзеля якой арганізуецца летнік«Чыстая Дзвіна – Чыстая Балтыка 2012» – развіццё актыўнага грамадскага ўдзелу ў вырашэнні экалагічных пытанняў, у прыватнасці, у сферах хімічнай бяспекі, адкідаў і экалагічна сяброўскага ладу жыцця. Матывацыя удзельнікаў можа да пэўнай ступені адрознівацца ад выкладзеных мэтаў, аднак ўдзельнікі павінны пагадзіцца з прыярытэтным значэннем пастаўленых арганізатарамі мэтаў.

Арганізатары бяруць на сябе адказнасць забеспячэння ўдзельнікаў харчаваннем, але ўдзельнікам настойліва рэкамендуецца ўзяць з сабой міску, кубак, лыжку і відэлец, а таксама быць гатовым прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ежы / выкананні іншай неабходнай працы (будуць прызначацца дзяжурныя). Магчымасць падрыхтоўкі асобных страў (напр. вегетарыянскіх) неабходна ўдакладняць падчас рэгістрацыі.

 

Летнік праводзіцца ў маляўнічым месцы Беларусі. Пражыванне будзе арганізавана ў намётах, а таксама ў сядзібе.

 

Жадаючыя прыняць удзел павінны накіраваць запоўненыя рэгістрацыйныя формы ў Штаб падрыхтоўкі летніка не пазней за 15 жніўня 2012 года.

Рэгістрацыйную форму і падрабязнасці ўдзелу глядзіце на сайце арганізатараў мерапрыемства, установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў”(Мінск, Беларусь).