Сто гадоў Барыса Мікуліча

|

Як толькі Мікуліч у 1936 г. трапіў у рукі НКУС, ва ўсе біблятэкі і кнігарні паступіў загад: крамольнае сачыненне знішчыць. І толькі ў прыватных калекцыях захаваліся нешматлікія экзэмпляры.

 

Пасля першага знаёмства я прачытаў усе творы гэтага аўтара, якія былі на той момант у Іўеўскай бібліятэцы. Мяне зацікавіла біяграфія літаратара. У ёй адчувалася нейкая недагаворанасць. Напрыклад, у адным артыкуле сцісла адзначалася, што апошнія пяць гадоў жыцця Барыс Мікуліч правёў у сяле Машукоўка Краснаярскага краю. А як ён туды трапіў, калі нарадзіўся 19 жніўня 1912 г. у Бабруйску, а перад вайной жыў у Мінску, адкуль некуды таямніча знік? З розных крыніц я збіраў звесткі пра Мікуліча. Аднак пэўны час многія старонкі жыцця пісьменніка заставаліся нераскрытымі.

 

І толькі ў другой палове васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя пачало друкавацца тое, што было забаронена дзесяцігоддзямі. Я прачытаў пранізлівую “Аповесць для сябе” Мікуліча, дзе ён расказваў пра свой гаротны лёс, пра свой несправядлівы арышт у 1936 г., пра дзесяць гадоў жыцця ў лагеры, пра кароткі прамежак волі пасля вызвалення.

 

У 1987 г. газета “Краснаярскі рабочы” надрукавала мой артыкул “Вяртанне Мікуліча”. Так атрымалася, што менавіта гэта публікацыя адкрыла для сібірскага чытача творчасць нашага таленавітага аўтара. Хутка пасля гэтага я атрымаў ліст з Краснаярска. Мне пісаў жыхар краявога цэнтра Леанід Карчэўскі, які ў другой палове саракавых працаваў майстрам лесанарыхтовак побач з Мікулічам:

 

Я, можна сказаць, ваш зямляк, хаця ніколі ў Беларусі не быў. Мой бацька родам з вёскі Ліпнішкі Іўескага раёна. Ён пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны перасяліўся ў Сібір і з той пары жыў у сяле Машукоўка. Там я і нарадзіўся, там прайшло маё дзяцінства. Дзесьці пачынаючы з 1949 г. у нашы мясціны пачалі прывозіць так званых спецперасяленцаў і “паўторнікаў” з Беларусі. Бацька нават сустрэў сваіх былых аднавяскоўцаў.


З Барысам Мікулічам я пазнаёміўся так. Ён арганізаваў у Машукоўцы самадзейны тэатр, і я некаторы час прыходзіў амаль на кожную рэпетыцыю. Хутка мне пашанцавала. Мікуліч прапанаваў мне першую ролю. Якім ён мне запомніўся? Барыс заўсёды гаварыў ціхім спакойным голасам, а калі ўсміхаўся, адразу мяняўся, быццам маладзеў. Час ад часу мяне мучыў страўнік, і Мікуліч, у якога была такая ж бяда, неяк параіў: “А ты ідзі на аперацыю, мне вунь зрабілі – і адразу стала лягчэй”. Пазней высветлілася, што ўсё ж такі праблемы са здароўем у яго засталіся.


 

Барысу Мікулічу так і не давялося вярнуцца на родную беларускую зямлю. Ён памёр 17 чэрвеня 1954 г. і пахаваны ў Краснаярскім краі. У пачатку ХХІ стагоддзя на яго магіле быў устаноўлены помнік. Вучні мясцовай школы напісалі некалькі змястоўных падрабязных работ пра апошнія гады жыцця беларускага пісьменніка, якія змешчаны на сайце краснаярскага “Мемарыяла”. Цікава, ці ў родных мясцінах Барыса Мікуліча вучні даследуюць творчасць свайго земляка?