Неспадзяванае падарожжа па родным краі
Упершыню пабываў у Гальшанскім і Крэўскім замках. Уражанняў, як гаворыцца, вышэй даху. Самых розных.
Тых, хто наведвае помнік у Гальшанах, сустракае бусел.
Ганарлівая птушка абжыла дрэва, што стаіць пры дарозе, якая вядзе непасрэдна да замка. Быццам ахоўвае гэта месца. Глядзіш на бусла і раптам вельмі выразна ўяўляеш, што вось так усё было і сто гадоў назад, і яшчэ раней. Цішыня, веліч, спакой.
Месца, дзе знаходзяцца парэшткі Крэўскага замка, на мой погляд, валодае вельмі моцнай энергетыкай. Ты адразу адчуваеш тут рэха былых падзей, нават далоні пачынае паколваць.
І яшчэ адна рэч мяне ўразіла. Побач з замкам – звычайны падворак, сялянская хатка…
Здавалася, што гэтыя забудовы, у якіх віравала сённяшняе жыццё, – аднагодкі самога замка.
Турысты, якія прыехалі сюды на машыне з расійскімі нумарамі, больш фатаграфавалі вясковае жытло нашага часу, чым сам замак. Сапраўды, выразная ілюстрацыя да беларускага эканамічнага “цуда”.
Вось такое атрымалася падарожжа па родных мясцінах. Раю ўсім у пэўны момант адарвацца ад паўсядзённых клопатаў, ад тэлевізара, сесці ў машыну, цягнік, урэшце, на ровар, праехаць хаця б пару кіламетраў па нашым краі.
Сёе-тое з помнікаў даўніны, на шчасце, яшчэ захавалася. І гэта пакуль што можна пабачыць уласнымі вачыма.