У кішэнях нашых кандыдатаў

|

Гэтак, генеральны дырэктар прадпрыемства “Гроднааблдарстрой” Валерый Уладзіміравіч Кокаш, зарэгістраваны ў Смаргонскай выбарчай акрузе № 59, у 2011 г. зарабіў 95 498 993 беларускіх рублі. Вось так. Дарогі ў нас самі ведаеце якія, а грошы на гэтай справе, аказваецца, можна атрымліваць зусім неблагія. У мяне толькі адно пытанне: хто з гродзенскіх аўтамабілістаў прагаласуе за генеральнага дырэктара?

 

Жыхар аграгарадка Малая Бераставіца Анатоль Паўлавіч Кахановіч, якому пасведчанне кандыдата ў дэпутаты выдала Мастоўская выбарчая акруга № 56, даказаў, што і ў вёсцы можна мець някепскія сумы. Яго асабісты даход у мінулым годзе склаў 84 506 571 рубель. Праўда, працуе Анатоль Паўлавіч старшынёй сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва.

 

Старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч, які балатуецца па Шчучынскай выбарчай акрузе № 60, у 2011 г. паклаў у кішэню, смешна сказаць, толькі 70 849 040 рублёў. З маёмасці ў яго – ўсяго дом і зямельны ўчастак у Астрына, легкавік “Фальксваген” 2004 года выпуску, аўтамабільны прычэп “МАЗ” яшчэ старэйшы, ажно з 1991 г., і 81 чэк “Маёмасць”.

 

Аднак нават такі заробак зайздросны для загадчыцы Ашмянскага РАНА Наталлі Генадзеўны Кучынскай, якая будзе змагацца за дэпутацкае крэсла ў Іўеўскай выбарчай акрузе № 53. Яе мінулагодні даход склаў 26 254 705 рублёў. Трапіўшы у вышэйшы заканадаўчы орган краіны, мяркую, Наталля Генадзеўна паправіць сваё грашовае становішча ў лепшы бок, бо там усё ж зарплата вышэйшая за два мільёны.

 

Старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэю Мікалаевічу Навумовічу (Навагрудская выбарчая акруга № 57), канешне, грэх скардзіцца на зарплату. За 2011 г. ён зарабіў 77 593 740 рублёў. Аднак нават уласнай машыны старшыня не мае, толькі матацыкл “Мінск” 1991 года выпуску.

 

Цікавая гісторыя з Аляксандрам Мяжуевым, зарэгістраваным у Гродзенскай сельскай выбарчай акрузе № 52. Наогул Аляксандр Веніямінавіч жыве ў Мінску, працуе начальнікам Галоўнай ваеннай інспекцыі Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У мінулым годзе на асабісты рахунак таварыша Мяжуева набегла 185 126 271 рубель. Вось як добра займаць генеральскую пасаду. І каму толькі спатрэбілася здзёргваць чалавека з такога цёплага месца? З другога боку, няўжо з усіх жыхароў Гродзенскага раёна не знайшлося ніводнага, хто мог бы дастойна прадстаўляць сваіх землякоў у Мінску?

 

Вось такія кандыдаты. А да выбараў тым часам застаецца крыху больш за два тыдні.