Дэмакратычныя кандыдаты Гродна скардзяцца ў ЦВК

|

Першапачаткова старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №50, звярнуўся 23 жніўня з заявай да старшыні Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэту з просьбай унесці змены ў пункт 3 рашэння Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэта №429 ад 09 жніўня 2012 г., дадаўшы да пераліку месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі Ленінскага раёну наступныя кропкі: пляцоўку прывакзальнай плошчы мясцовага аўтавакзалу насупраць прыпынку, пляцоўку на пачатку вуліцы Паліграфістаў, насупраць крамы “Пралеска”. Адказ на гэты зварот быў адмоўны.

 

Зараз дэмакратычныя кандыдаты ад розных партый і рухаў – Вадзім Саранчукоў (БНФ), Дзмітрый Бандарчук (кампанія “Гавары праўду”), Юрый Істомін (АГП), Віктар Міхальчык і Павел Станеўскі (абодва “Справядлівы свет”) звяртаюцца ў ЦВК. Яны лічаць, што існуючы пералік месцаў не дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць правы кандыдатаў на сустрэчы з выбарцамі на сходах у зручнай для выбарцаў форме, якая прадугледжана арт. 45 Выбарчага кодэксу. Дэмакратычныя кандыдаты прапануюць пашырыць колькасць месцаў у горадзе, якія будуць прыдатныя для агітацыі.

 

Здымак spring96.org