Дацэнт. Выкладчык. Культуролаг. Парадыст
У іўеўскай кнізе “Памяць” змешчана грунтоўнае даследванне “Святар, пісьменнік, тэолаг” пра рэлігійнага і культурнага дзеяча Ідэльфонса Бобіча. Аўтар – Янка Трацяк. На сайце часопіса “ARCHE” змешчаны яго дыскусійны матэрыял пра шэрасць, якая запоўніла наша сённяшняе жыццё. Чытаецца на адным дыханні. І яшчэ шмат у якіх сур’ёзных навуковых выданнях сустрэнеш гэта прозвішча. Янка Трацяк – выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, дацэнт, кандыдат культуралагічных навук.
Мы знаёмы вось ужо 32 гады, упершыню сустрэліся восенню 1980 года, калі разам трапілі ў адну студэнцкую групу беларуска-рускага аддзялення філфака ГрДзУ. І, нягледзячы на тое, што тэрмін нашага сяброўства вылічаецца дзесяцігоддзямі, толькі нядаўна я даведаўся, што Янка ўжо шмат гадоў піша паэтычныя пародыі і эпіграмы. Вось пра гэта і пайшла наша гаворка на Янкавай кухні (па старой традыцыі) у яго кватэры па вуліцы Хімікаў.
-Янка, чаму пародыі? І калі гэта пачалося?
-О, пачалося вельмі даўно. Яшчэ ў школе я паспрабаваў напісаць першыя паэтычныя радкі. Канешне, усё гэта адбывалася пад уплывам твораў сусветнай і беларускай паэзіі, якія я на той момант прачытаў.
– Дык першыя пародыі ўзніклі яшчэ ў школьныя гады?
-Не, тады яшчэ не. Спачатку я проста быў захоплены Паэзіяй з вялікай літары. Тыя, хто пісаў вершы, здаваліся мне нейкімі незвычайнымі, ледзь не казачнымі, персанажамі. І толькі з цягам часу, калі была перагорнута старонка, скажам, тысячнага паэтычнага зборніка, адбылося тое, што Маркс назваў бы пераходам колькасці ў якасць.
-Я называю такі момант “стаць прафесійным чытачом”
-Ну, нешта такое. Я пачаў заўважаць розныя хібы ў паэтычных радках, нейкія смешныя моманты, пэўныя недарэчнасці. Рука сама сабой пацягнулася да паперы. Доўгі час я не рашаўся вынесці пародыі на суд чытача. Нешта стрымлівала…
– Калі ў васьмідзесятыя гады мы выпускалі непадцэнзурны самвыдацкі часопіс “Містыка”, там з’яўляліся твае гумарыстычныя мініяцюры, а пародый не было
-Сапраўды, штосьці мяне тады спыняла. Напэўна, пераважалі думкі: а хто я такі, каб парадыраваць, скажам, вядомага паэта, які друкуецца ў шматлікіх выданнях? Яшчэ раз паўтаруся, павінен быў прайсці пэўны час, перш чым я вырашыў дастаць пародыі з шуфлядкі.
-Я прачытаў рукапіс твайго зборніка і быў уражаны і гумарам, і майстэрствам. Калі можна будзе кніжку патрымаць у руках?
-Кніжка ўжо магла быць надрукавана. Аднак сітуацыя адбылася… крыху парадыйная. Я даў рукапіс аднаму гродзенскаму мастаку, каб той зрабіў ілюстрацыі. Справа цягнецца аж да сёння. Некалькі разоў я хацеў адмовіцца ад паслуг гэтага чалавека, аднак ён клянецца, што вось-вось зробіць сваю працу. І я зноў яму веру, бо мастак ён усё ж неблагі. Вядома, такая неабавязковасць крыху ўражвае.
Я пажадаў сябру творчых поспехаў. Прапаную некалькі пародый са зборніка “Партрэты ў інтэр’еры Гародні”, які, усё ж такі, спадзяюся, хутка з’явіцца на кніжных паліцах.
Беларусы і долары
Я долар зялёны ўчора купіў,
І гэтым, сябры, ганаруся,
А сёння той долар узяў ды згубіў –
Такі ўжо лёс беларуса.
Віктар Варанец. Лёс беларуса.
… Зачэм беларусам долары?
А. Л. Белтэлерадыё.
У слове прароцтву ня знойдзеш канца, –
Такое здараецца зранку, –
Як нехта А. Л. пачытаў Варанца,
Дык долары зніклі ў банку.
Бывае вось так, што зялёных няма,
І раптам – валяецца долар,
Дык ты, беларус, яго не падымай,
Бо зможаш згубіць нашмат болей.
Хто долар зялёны ўчора згубіў,
Хай лепш яго знойдзе прыблуда…
Калі ж беларус нейкі долар набыў,
Мяняць яго трэба на “рубаль”!
А знойдзе хто долар – згубіць можа два,
Тут, ведай, такія манеўры!
Ты долар знайшоў – дык у банк аддавай,
Здавай туды долары й еўры!
……………………………………………………………………
Я долар зялёны ўчора купіў
І гэтым, сябры, ганаруся,
А сёння той долар узяў ды прапіў –
Такі ўжо лёс беларуса.
Двое ў пакоі: Бронька і Колас
Добры дзень, – кажу, –
Дзядзька наш Колас,
Прывітанне ж кладу на паперу.
Я хачу, каб пачуў ты мой голас,
Ды й у моц беларуса паверыў.
Як і ты, я бядняцкага роду
(З плеч сваіх не здымаю сярмяжку),
Век свой жыў і служыў ты народу,
Не здымаючы з пояса дзяжку.
Браніслаў Ермашкевіч. Дзядзька Колас.
Быць паэтам – падаць трэба голас,
Да вялікіх хадзіць трэба ў госці…
“Добры дзень, – кажу, –
Дзядзька наш Колас,
Я паэт – напісаў пра вас штосьці.
Як і ты, я бядняцкага роду,
Як і ты, сёння класік я модны,
Як і ты, буду хутка народным,
І мне помнік стаяць будзе ў Гродне”.
Дзядзька Колас не дасць табе маху,
Дзядзька ведае, хто паэт лепшы.
Свой мундзір Бронька кінуў у шафу,
Стаў чытаць дзядзьку Коласу вершы.
“З плеч сваіх не здымаю сярмяжку…”
(Тут для рыфмы салгаў трохі, братцы),
Дзядзька Колас заплакаў, зняў дзяжку,
Лупануў Браніслава па ср…