Пераследуюць аўтараў падручніка па “Гродназнаўстве” (дадаўся каментар)

Сёння на гарадзенскіх сайтах з’явілася інфармацыя пра тое, што гісторыкаў выклікалі да рэктара, а таксама з імі мелі размову супрацоўнікі КДБ.

 

Галоўныя папрокі, паводле публікацыяў: чаму кніга, маўляў, сканчаецца на 90-х гадах, чаму няма параграфа пра сучаснасць, чаму там толькі бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня і як так атрымалася, што беларускія выкладчыкі дазволілі сабе выдаваць свае працы за мяжой?

 

Самі гісторыкі не адмаўляюць, што іх сапраўды выклікалі ў рэктарат і што з імі гутарылі супрацоўнікі КДБ, але камэнтаваць сітуацыю адмаўляюцца, бо ўсім пагражае страта працы.

 

Каардынатар кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка”, у  якой пабачыла свет кніга, Павел Мажэйка:

 –         Мяне пакуль ніхто не выклікаў, я ведаю сітуацыю з пятых рук. Ды і не думаю, што я магу нешта патлумачыць. Наколькі я зразумеў, асноўная прэтэнзія да аўтараў у тым, чаму кніга заканчваецца 1991 годамі і няма апісання сучаснасці.

Калі кніга рыхтавалася – ідэя была такая: закончыць апісанне гісторыі Гродна 1991 годам, бо гэта лагічна – Беларусь атрымлівае незалежнасць, абсалютна новы этап развіцця краіны, народа і горада. Тоое, што адбывалася пазней і адбываецца сёння – гэта праца для палітолагаў. Для гісторыі патрэбны час, каб можна было з перспектывы глянуць на тое што адбывалася ў нашым горадзе на мяжы тысячагоддзяў. Глянуць без уплыву палітыкі, ідэалогіі, эмоцый. 

 

Я ведаю, што гэтыя ж аўтары 4-5 гадоў таму хадзілі па дзяржаўных інстанцыях з прапановай выдаць падручнік па “Гродназнаўстве”. І ў 2009 годзе рэктар ўніверсітэта даў дазвол на друк кнігі, і яна была выдадзеная ва універсітэце імя Янкі Купалы, чуў, што ў 2010 годзе наклад дадрукавалі. Але гэта была кніга без малюнкаў, ілюстрацый, на не лепшай паперы, досыць слабая паліграфія.

 

Тады аўтары даводзілі гісторыю Гродна, здаецца, да 1996-98 гадоў, але, наколькі ведаю, тыя параграфы ім самім не надта падабаліся, менавіта з тым прычын, пра якія я казаў раней. Таму і было прынятае рашэнне скончыць 1991 годам.

 

Натуральна, кніга дапрацоўвалася ў сувязі з новымі даследваннямі, новымі фактамі.

 

Вельмі складана патлумачыць, што зараз адбываецца.

Кажуць, камусьці не спадабалася, бел-чырвона-белы сцяг, выява якога ёсць у кнізе, але ж гэта гісторыя Беларусі, якой не выкінеш.

Наколькі я ведаю, аўтары  ад сваіх тэкстаў у кнізе не адмаўляюцца.

 

Кнігу-падручнік «Гродназнаўства» напісалі вядомыя гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы. У 38 параграфах выкладзена тысячагадовая гісторыя гораду. Кніга надрукаваная на крэйдавай паперы з шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі, некаторыя з якіх публікуюцца ўпершыню. Аўтары — Алесь Госьцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Святлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед.