«Хто мы такія?»

26 сакавіка 1989 г. меліся адбыцца выбары ў Вярхоўны Савет СССР, таму артыкул актывіста культурніцкай суполкі «Паходня», прафесара, доктара гістарычных навук, вядомага археолага набываў ужо зусім іншы змест – палітычны. Міхась Аляксандравіч збіраўся балатавацца ў дэпутаты.

 

Актуальнай сёння застаецца не толькі назва, але і змест артыкула: у Мінску ды абласных цэнтрах па-ранейшаму няма беларускіх школ, жыхары Гарадзеншчыны ды Берасцейшчыны не маюць мясцовай беларускай прэсы, любая культурная дзейнасць у нацыянальным рэчышчы рызыкуе быць абвінавачанай у «экстрэмізме»…

 

Сам артыкул ужо быў адказам на нервовы ліст у газету нейкага чытача (штатнага альбо пазаштатнага): «Не выходит ли деятельность «Походні» за рамки Конституции?» («Гродзенская Праўда», 06.01.1989 г.) Далей, ужо пасля адказу Ткачова, выступіла і «цяжкая гвардыя»: ветэран вайны і працы В. Агееў з артыкулам: «Кто же вы такие?» («ГП», 10.02. 1989).

 

Агееў распавядае аб Радзе БНР, якая «прынесла столькі шкоды ў 20-х», ды пасля яшчэ «ў перыяд Вялікай Айчыннай Вайны». «Корни ее, думаю, тянутся и в сегодняшний день» – падагульняе аўтар. Пасля ідзе даволі дзіўны пасаж аб тым, што ці то Ткачоў, ці то Быкаў пагражаў Агееву расправай на паседжанні «Паходні». «Кто вы такие? Почему вы не идете на сплочение народа, за обновление общества? Создавая группы, отвлекаете людей от основных задач нашей перестройки…» – так можа гучаць кароткае рэзюмэ артыкула.

 

Важная дэталь: аўтар з першых радкоў прызнаецца, што ўсё жыццё прысвяціў служэнню беларускаму народу, усталяванню савецкай улады ў Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі. Ці варта тлумачыць як і кім гэтая ўлада ўсталёўвалася? Агееў забыўся ўдакладніць, што ён ветэран «органаў», што ў прынцыпе ўсё тлумачыць…

 

У тым жа нумары «ГП» змешчаны яшчэ адзін артыкул на тэму – «Будем честными друг к другу» за аўтарствам Валера Мікалаевіча Чарапіцы. Што ж закідае Ткачову ягоны калега па гістфаку ГрДУ? Па-першае, палітызацыю «Паходні»: тады, як і зараз, вертыкалі быў невыгодны выхад чагосці нацыянальнага за межы фальклорна-гістарычнага гетта. Не падзяляе Валер Мікалаевіч і поглядаў Ткачова на сталінізм: «В сплошном нанизывании на нить времени только трагического нет места достижениям белорусского народа за годы Советской Власти, их неувядающей веры в идеалы социализма».

 

Па прычыне сваёй аб’ёмнасці тэкст Чарапіцы лёгка разбіраецца на цытаты: «В республике есть лица, намеренные скопировать прибалтийский вариант со всеми его спорными и негативными моментами… их действия ведут к дестабилизации межнациональных отношений» (цікава, ці шмат студэнтаў Чарапіцы зараз адмовілася б жыць як у Латвіі альбо Эстоніі?).

 

Ніколі не хаваў Валер Мікалаевіч свайго «вялікадзяржаўнага» шавінізму: «Для некоторых новоявленых политиков конечная цель – «полная национальная независимость» (спрашивается, от кого?) или «возрождение» (а что «возрождать»?)».

 

Прафесар Чарапіца за “барыкадамі” сваіх кніжак

 

А вось вельмі актуальная цытата, асабліва для перадвыбарчага перыяду:

«Но ведь вполне очевидно, что политическая борьба сегодня — это преступление против народа… Политическая борьба сегодня не имеет в нашей стране смысла и цели. А деятельность не имеющая смысла — чистейший формализм».

 

Ткачоў быў шакаваны вынікамі выбараў 1989 г. – у акрузе, па якой ён відавочна перамагаў, улады аддалі перавагу камуністу: «…Дагэтуль шчыра верыў у ідэалы партыі, стараўся ўзняць яе аўтарытэт, думаючы, што найлепшы для гэтага шлях – нармальная старанная праца… Зразумеў нарэшце, што ў партапарата святога няма, дзеля захавання ўлады ён гатовы на ўсё». У сакавіку 1989 г. адбыўся першы І з’езд БНФ у Вільні, дзе Ткачоў быў абраны старшынёй сойма, пасля было стварэнне Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады з Ткачовым у якасці безумоўнага лідэра.

 

Прысяга на вернасць Беларусі, 8 верасня 1992 г., Мінск

 

Міхась Аляксандравіч Ткачоў загінуў у 1992 г. пры таямнічых абставінах: быў моцна збіты невядомымі і неўзабаве памёр. Валер Мікалаевіч Чарапіца працягвае чытаць лекцыі, выганяць студэнтаў за палітычныя погляды, а на лекцыях даводзіць, што «белорусы заслужили русский язык». Ветэрана Агеева даўно ўжо няма сярод жывых.

 

Сітуацыя мае шмат паралеляў з нашай сучаснасцю: дастаткова замяніць «Паходню» на «Гарадзенскую Бібліятэку», прозвішча «Ткачоў» на «Чарнякевіч», Вярхоўны Савет СССР на Палату Прадстаўнікоў… У становішчы, калі палітычнага поля фактычна не існуе, на шляху дыктатуры заўсёды становяцца пісьменнікі, дацэнты, аспіранты, а добра напісаная кніжка часам важыць не менш за дэпутацкі мандат.

 

Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”

 

Іншае аўтара:

Забаронены горад 

Ідэальны вораг

Бывай, Паша!..

 

Фота газет – аўтара, сюжэтныя – gazetaby.com, ggau.by