Другі ў Беларусі «i-Store» адчыніўся ў Гродне
Менавіта ў такім фармаце і будзе працаваць крама. Тэхніка стаіць у вольным доступе, ўсе можна выпрабаваць самому.
У невялікай памерам краме дастаткова шмат персаналу. Кожны з іх прайшоў навучанне і стажыроўку ў першай краме Apple у Мінску і ў поўным аб’ёме можа прадэманстраваць функцыі тэхнікі. Асартымент амаль такі ж, як і ў Мінску.
Кацярына Карвацкая, начальніца аддзела маркетынгу пералічыла плюсы набыцця тэхнікі ў «i-Store»:
«У нас працуюць вельмі кваліфікаваныя прадаўцы, яны не проста ведаюць прадукцыю, яны могуць растлумачыць і паказаць усе функцыі. Уся тэхніка ў нашай краме сапраўдная, «белая», прывезеная ў Беларусь легальна.»
Зніжак можна не чакаць – яны не ўваходзяць у палітыку кампаніі. У дзень адкрыцця першым наведвальнікам падарылі паветраныя шарыкі і іншую прома-прадукцыю. На гэтым шчодрасць скончылася.
У першы дзень у краме было шмат дзяцей, якія бавілі час з «эпламі». Дзеці так лёгка спраўляліся з усё ж экзатычнай для нашых шыротаў тэхнікай, што, здавалася, у кожнага з іх у хаце ёсць свой яблычны камп’ютар.
Цікава, што другая па ліку крама адкрылася ў памежным Гродне. Час пакажа, ці пойдуць гарадзенцы за легальна ўвезенымі «эпламі», ці як раней самі павязуць з-за мяжы.
Здымкі аўтаркі