Помнік Міндоўгу ў Наваградку ўсталёўваюць ужо чацвёрты год
Сёлетняя аб’ява вельмі нагадвае мінулагоднюю – многія фрагменты ідэнтычныя, хаця б умова, што «кампазіцыйнае і пластычнае вырашэнне помніка павінны быць вытрыманы ў лепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва».
Аказваецца, калі абвяшчаўся папярэдні конкурс, невядомым было месца, дзе мае быць усталяваны помнік. Менавіта таму, як тлумачаць у Мінкульце, конкурс было вырашана правесці наноў. Цяпер месца для помніка знойдзена – ён будзе стаяць недзе ў скверы на гарадской плошчы Наваградка.
На жаль, паўтараюцца хібы мінулагодняга конкурса: помнік мае паўстаць з небюджэтных сродкаў, то бок з ахвяраванняў усіх жадаючых. Пра тое, што гэта не найлепшы спосаб, сведчаць вынікі збору сродкаў, абвешчанага яшчэ ў 2009 годзе: за два гады было сабрана толькі 12 мільёнаў рублёў.
Конкурс праектаў абвешчаны 24 верасня 2012 года. Прафесійныя скульптары і архітэктары могуць падаць заяву да 26 кастрычніка па адрасе: Мінск, пр. Пераможцаў 11-316. | ||
Помнік каралю Міндоўгу ўсталёўваюць у Наваградку ўжо не першы год. Прыхільнікі гэтай ідэі актывізаваліся асабліва ў канцы 2008 года, калі гарадскія ўлады Наваградка, у сувязі з набліжэннем 1000 гадавіны першай летапіснай згадкі Літвы, абяцалі ў хуткім часе адкрыць конны помнік уладару. З таго часу справа не надта зрушылася з месца.
Выява князя Міндоўга з сайта http://jivebelarus.net