Што перашкаджае ўмацаванню транспамежнага супрацоўніцтва?

На сустрэчы прысутнічалі дэлегацыі з Польшчы, Літвы і Беларусі. Дыскусія пра кірункі супрацоўніцтва ў межах еўрарэгіёну «Нёман» закранула некалькі праблемных пытанняў.

 

Кіраўнік Бюро еўрарэгіёна «Нёман» Гінтарас Скамарочыус, кажучы пра неабходнасць спрашчэння памежных кантактаў, адзначыў, што магчыма, адкрыецца памежны пункт пераходу беларуска-літоўскай мяжы ў Сапоцкіне. Развіваючы тэму пашырэння памежных кантактаў у сферы турызму і прадпрымальніцтва, ён нагадаў, што дагэтуль незразумелая сітуацыя з малым памежным рухам паміж Беларуссю і Літвой. На форуме прысутнічалі тры консулы: літоўскі консул у Гродне спадарыня Аўшра Чэрнявічэне, консул Польшчы спадар Анджэй Хадкевіч і спадар Аляксандр Берабеня, консул Беларусі ў Беластоку.

«Літва 1 красавіка афіцыйна паведаміла беларускаму боку, што гатовая да спрошчанага пераходу, – заўважыла спадарыня Чэрнявічэне. – Зараз чакаем адказу ад беларускага боку».

 

Адзін з прадстаўнікоў польскай дэлегацыі падкрэсліў, што адкрыццё беларуска-польскай мяжы значна павысіла б колькасць і хуткасць прадпрымальніцкіх кантактаў.

 

Слова ўзяў Аляксандр Берабеня, Генконсул РБ у Беластоку:

 

«Не будзе пакуль адкрыцця мяжы і, я думаю, не будзе пакуль малога памежнага руху. Каментароў МЗС Беларусі на гэты конт дастаткова – што, як і чаму».

 

Разам з тым, спадар Берабеня распавёў, што ў мінулым годзе беларускае Генконсульства ў Беластоку практычна скончыла пераабсталяванне пад патрэбы малога памежнага руху. Засталіся нюансы да падпісання дамовы. Каб гэта зрабіць, трэба сядаць за стол перамоваў і размаўляць.

 

Гэтаксама беларускі консул запэўніў, што перамяшчэнне праз мяжу ўсіх удзельнікаў праектаў у межах еўрарэгіёна «Нёман» пры садзейнічанні беларускага консульства адбываецца хутка і без складанасцяў.

Яшчэ адзін з праблемных момантаў, які быў закрануты на Форуме, гэта час чакання рэгістрацыі міжнародных праектаў у Мінюсце і Мінэканомікі. Удзельнікі скардзіліся, што часам рашэння трэба чакаць каля года. Напрыклад, столькі чакаў сваёй рэгістрацыі праект «Невядомая Еўропа».

 

На думку многіх удзельнікаў Форума, трэба ініцыяваць змены ў заканадаўстве, каб разгляд і рэгістрацыя міжнародных праектаў, якія носяць лакальны характар і не закранаюць рэспубліканскі бюджэт, адбываліся на мясцовым узроўні – у вобласці.

 

«Гэта значна спрасціць і паскорыць час чакання рэгістрацыі праекта, а значыць, і пачатак дзейнасці ў яго межах, – лічыць Міраслаў Сарасек, старшыня камітэта эканомікі гродзенскага аблвыканкама. – І такая ініцыятыва ўжо ёсць».

Падчас «Інфармацыйнага кафэ», на якім удзельнікі прэзентавалі паспяховыя праекты і праграмы транспамежнага супрацоўніцтва, было закранута пытанне турыстычна-інфармацыйных цэнтраў у раённых гарадах Гродзенскай вобласці. Па словах Сяргея Каляды, нацыянальнага кіраўніка праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Невядомая Еўропа», такія цэнтры з неабходным абсталяваннем ствараюцца ў Свіслачы, Лідзе і запланаваныя ў іншых раённых гарадах. Аднак праблема ў тым, што пазней транспамежны праект скончыцца, і праектных сродкаў на ўтрыманне гэтых цэнтраў ужо не будзе.

 

«Узнікае пытанне, хто будзе фінансаваць працу гэтых цэнтраў. Будзем звяртацца ў выканкамы з просьбай дапамагчы. Хоць разуменне з боку мясцовых улад у гэтым кірунку ідзе цяжка».

 

Пра развіццё турызму гаворка ісці не будзе, калі мясцовая ўлада не будзе зацікаўлена ўкладаць сродкі ў інфраструктуру, дадаў Сяргей Каляда.

 

Здымкі grsu.by