Некалькі гадлёвых марак Гарадзеншчыны ўвайшло ў «ТОП 100 беларускіх брэндаў»
Гэтак у першую дзясятку трапіў толькі адзін, але затое відавочна моцны брэнд – гарадзенскія калготкі Conte. Іншая марка таго сама вытворцы – мужчынскія шкарпэткі DiWaRi – займае 84 месца. Высока ў рэйтынгу знаходзіцца «Лідскае піва» – на 13 месцы, а адразу за ім – дзецішча «маянэзнага караля» Івана Маісеева фірма «ABC», што займае каля 10-15% беларускага рынку сокаў, 20-25% маянэза і кетчупа і да 60% (!) хрэна і гарчыцы.
Далей – вялікі-вялікі перапынак ажно да 62 месца, на якім «Лидская буренушка». Ліда з’яўляецца ў спісе яшчэ раз на 90 месца – там «Лідская мука». Іншыя маркі Гарадзеншчыны ў рэйтынгу гэта ваўкавыскі Беллакт (76 месца), гарадзенскія «Молочный мир» (91 месца) і будаўнічыя сумесі LUX (97 месца).
Некаторыя з брэндаў у рэйтынгу. У лічбах паказаны патэнцыйны рынкавы кошт у мільёнах даляраў. Маркі Гарадзеншчыны пазначаны чырвоным.
У параўнанні з мінулымм гадамі прысутнасць брэндаў Гарадзеншчыны ў рэйтынгу павялічылася. Тыя ж, што ў ім былі і раней – у асноўным захавалі свае пазіцыі. Прыемна ўразіла скокам з 30 (у 2010) на 14 (у 2012) месца толькі «ABC», а непрыемна – «Молочный мир» (за тыя ж два гады ён страціў 20 пазіцый).
Заўважнае мейсца ў рэйтынгу займаюць маркі Берасцейшчыны. Нямала марак сумесных прадпрыемстваў з удзелам замежнага капітала, рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон. Прадстаўленыя беларускі алкаголь, цукеркі і малочная прадукцыя, якія сапраўды карыстаюцца высокім даверам і папулярнасцю.
Рэйтынгі з серыі «TOP National Brands» вызначаюць выключна кошт самога брэнду, без уліку наяўнай вытворчасці і інфраструктуры, а таксама інтэлектуальнай уласнасці. Эксперты агенцтва вызначаюць таксама патэнцыйны рынкавы кошт у мільёнах даляраў. Ён залежыць ад вынікаў дзейнасць кампаніі, якой належыць гандлёвая марка, яе пазіцыі на рынку і перспектыў развіцця ў бліжэйшым часе.
Поўны рэйтынг па Беларусі можна прачытаць тут. Цікаўныя могуць параўнаць структуру сфер дзейнасці прадпрыемстваў, напрыклад, з суседняй Польшчай (пакуль што даступны толькі мінулагодні рэйтынг).