Як я перапісваўся з Уладзімірам Пуціным
У сеціве ёсць электронны адрас прэзідэнта Расіі, на які можа звярнуцца любы жадаючы. Менавіта туды я і накіраваў свой ліст.
Справа ў тым, што сярод іншых архіўных дакументаў мне на вочы трапіў узнагародны ліст на бацьку расійскага прэзідэнта – Уладзіміра Спірыдонавіча Пуціна (23. 02 1911 – 02. 08. 1999). Уладзімір Спірыдонавіч удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, мужна абараняў Ленінград, там 17 лістапада 1941 г. быў цяжка паранены. Пасля гэтага ён доўга лячыўся ў шпіталях і пазней атрымаў інваліднасць.
У канцы вайны салдат меў медаль «За абарону Ленінграда». Супрацоўнікі Маскоўскага райваенкамата Ленінграда вырашылі, што Уладзімір Спірыдонавіч Пуцін дастойны медаля «За баявыя заслугі» і 22 чэрвеня (знакавая дата!) 1945 г. склалі адпаведны ўзнагародны ліст.
У адным з інтэрв’ю Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін сказаў, што яго бацька не любіў расказваць пра вайну. Зразумела, успаміны пра ліхалецце ў шараговага пехацінца не вельмі радасныя. Я падумаў, што, цалкам магчыма, Уладзімір Уладзіміравіч не бачыў гэты дакумент і ўвогуле не ведае пра яго існаванне, таму я вырашыў накіраваць у Маскву копію. Мой ліст быў зарэгістраваны на прэзідэнцкім сайце 8 траўня гэтага года, акурат напярэдадні Дня Перамогі.
У мяне ветліва запыталіся, у якім выглядзе я хачу атрымаць адказ: у звычайным паштовым ці электронным? І тут, напэўна, я зрабіў стратэгічную памылку, згадзіўшыся на паштовы варыянт. У прынцыпе, я ж ведаю асаблівасці нацыянальнага паштовага абслугоўвання. Хаця, можа, справа зусім не ў гэтым. Так ці іначай, але адказу пакуль няма…
Хачу толькі дадаць, што 7 кастрычніка прэзідэнт Пуцін адзначае 60-годдзе. Уладзімір Уладзіміравіч, віншую з юбілеем!
На фотаздымку – Уладзімір Спірідонавіч Пуцін. Здымак ozweek.ru