Новы акадэмічны год Універсітэта Залатога Веку пачаўся з велапрабегу
Тыя, хто не спалохаўся няўстойлівага восеньскага надвор’я, праехалі 7 кастрычніка на роварах па самых маляўнічых куточках лесапарка.
Вецер у твар, дым вогнішча, смак травяной гарбаты ды спевы над Нёманам – гэта толькі частка прыемных уражанняў, якія спазналі ўдзельнікі гэтай вандроўкі.
Магчыма, такога кшталту выезды на прыроду на роварах стануць традыцыйным спосабам нефармальнага адкрыцця кожнага новага акадэмічнага года “Універсітэта Залатога Веку”.
Урачыстае адкрыццё праграмы адбудзецца 11 кастрычніка.
Сёлета слухачамі УЗВ сталі 114 чалавек.
З кастрычніка да мая сталыя гарадзенцы будуць вучыцца карыстацца кампутарам, вывучаць беларускую, ангельскую, нямецкую, польскую мовы, эсперанта.
Працягне працу гурток па фотамайстэрстве “Жыццёвы дзённік”, секцыі “Падарожжа ў часе і прасторы”, “Акадэмія мастацтваў залатога веку”, “Вячоркі”.
Садаводаў-аматараў запрашае “Сад мары”, аматараў кіно – “Адкрыты паказ”. Створаны секцыі “Мода, стыль і прыгажосць”, “Залатое пяро”, “Псіхалагічнае здароўе”.
Паводле uzv-hrodna.blogspot.com