Дэбютны альбом “Людзей на балоце” з’явіўся ў інтэрнэце

| Без катэгорыі

Праект “Людзі на балоце” існуе крыху менш за 1,5 гады, але ўжо паспеў заваяваць папулярнасць у Гродне, паказацца ў Мінску, на фестывалі Пікнік.by, а таксама з’ездзіць з канцэртамі ў Польшчу ды Літву.

 

Пра поспехі гарадзенцаў кажа галоўны рэдактар сайта “Тузін Гітоў” Сяргей Будкін, які ў сваёй рэцэнзіі паставіў “Людзей на балоце” на адным узроўні з легендарным “Народным альбомам”:

 

“Канешне, пакуль што зарана казаць пра шырокую запатрабаванасць гэтай музыкі, але выглядае на тое, што з такімі тэмпамі як зараз да гэтага дойдзе.

 

Я не баюся перахваліць музыкаў, бо яны маюць за плячымі агромністы досвед. Мне здаецца, што публіка засумавалася па шчырай музыцы, гэта ў нас абсалютная ніша. А “Людзі” якраз той гурт, ад якіх прэ шалёная энергетыка і надзвычайная шчырасць – спалучэнне проста атамнае. І пры тым, што іх праект акустычны, камерным яго назваць не выпадае. Яны выдатна глядзяцца і слухаюцца, як на кватэрніку, так і ў клубе, так і на вялікім оўпэн-эйры. Я шчыра жадаю музыкам рэальнага поспеху, каб яны маглі жыць толькі з музыкі і адпаведна займаліся толькі творчасцю, не губляючы часу на выпадковыя прыпрацоўкі.

 

Маю фразу пра тое, што альбому “наканавана стаць класікай” трэба лічыць проста меркаваннем аднаго з слухачоў, а не крытыка. Але на тое ёсць усе падставы. Ці сапраўды гурт упішацца ў гісторыю сучаснай беларускай музыкі, як “Народны альбом” ці будзе мець статус недаацэненых герояў – гэта пабачым праз пэўны час”.

 

Дэбютны альбом запісаны актуальным складам гурта: Алесь Дзянісаў (вакал, гітара), Аляксандр Барабан Рацько (вакал, перкусія), Мікола Палякоў (акардэон), Наста Цыбізава (вакал, скрыпка), Вася Хіпар Валошчык (флейта), Паша Трабл Трублін (бас-гітара).

 

Альбом можна спампаваць адным файлам тут (34 мб).