На дабрачынным балі будуць збіраць грошы для рэстаўрацыі Навагрудскага замка
Яркія паходні, конныя рыцары, чырвоная дарожка і шампанскае – гэтак будзе сустракаць гасцей у ноч балю Нясвіжскі палац, спецыяльна для якіх рыхтуецца аукцыён па зборы сродкаў на аднаўленне Навагрудскага замка, помніка гісторыка-культурнай спадчыны XVI ст., перадае БЕЛТА.
Усю ноч у залах Нясвіжа, абяцаюць арганізатары, будуць ладзіцца танцавальныя, музычныя, тэатральныя і касцюміраваныя прадстаўленні, бальныя гульні, тэматычныя салоны. Увесь вечар будзе гучаць музыка Ёгана Штрауса. Вальсы будзе граць сімфанічны аркестр Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра. Для vip-гасцей Вялікай бальнай залі, спецыяльна ўсталяванай ва ўнутраным дворыку замка, будуць падавацца стравы, згатаваныя па рэцэптах мінулых стагоддзяў вядомым італьянскім шэф-поварам. Апоўначы запусцяць феерверк.
Уласна запрошаныя госці – дзеячы культуры і мастацтва розных краін: салістка Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Аксана Волкава, саліст Вялікага тэатра Расіі Аляксандр Захараў, акторы Дзмітры Харацьян, Марат Башараў, балярына Анастасія Валачкова, рэжысёры Аляксандр Яфрэмаў і Станіслаў Гаварухін, расійскі калектыў “Кватор”. Будуць і беларускія калектывы, напрыклад, харэаграфічны ансамбль “Харошкі”. Сустракаць гасцей разам з вядучым, расейскім акторам Маратам Башаравым, будзе мадэль і акторка з Ірландыі, “Міс свету 2003” Разанна Дэвідсан.
Арганізуюць дабрачынны баль ААТ “БеринАртМенеджмент” разам з гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Несвіж” пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і мінскага аблвыканкама.
Агульнанацыянальная кампанія па рэстаўрацыі Наваградскага замка была распачатая ў 2010 годзе. У межах яе ладзіўся шэраг дабрачынных канцэртаў беларускіх выканаўцаў у падтрымку рэстаўрацыі замка, прыбытак ад латарэі “Скарбніца” таксама накіравалі на рэстаўрацыю замка ў Навагрудку, адмысловыя скарбонкі ўсталявалі ў шэрагу ўстаноў культуры Мінска, у якія наведнікі могуць пакласці грошы на рэстаўрацыю.
Старажытны замак у Навагрудку з’яўляецца ўнікальным помнікам абароннага дойлідства XIII-XVI стст. Вывучэнне яго ўмацаванняў паказала, што гэта свайго роду жывы летапіс беларускай ваеннай архітэктуры.
Здымак з zvyazda.minsk.by