Гарадзенская моладзь моліцца праз Skype

Супольная малітва з дапамогай тэхнічных сродкаў ладзіцца на Гарадзеншчыне другі раз. У мінулым кастрычніку моладзь кантактавала праз мабільныя тэлефоны.

Кастрычнік у каталіцкай царкве прысвечаны малітве на Разарыі. Па словах арганізатара гэтай падзеі, рэктара Брыгіцкага касцёла і акадэмічнага душпастыра Гродна, ксяндза Антонія Грэмзы, Разарый – гэта адна з любімых малітваў каталіцкіх вернікаў, яна складаецца з паўтарэння малітваў “Ойча наш”, “Вітай, Марыя”, “Хвала Айцу” і з’яўляецца разважаннем над таямніцамі жыцця Ісуса Хрыста і Багародзіцы.

 

Пачаткова ідэя такой сумеснай малітвы належыла да ксяндза Антонія і была падтрымана моладдзю. Па меркаванні душпастыра, інтэрнэт і мабільная сувязь могуць служыць не толькі для камунікацыі маладых людзей, але з’яўляюцца прасторай для ўзаемнай евангелізацыі, набліжэння да Бога, паглыблення ў сэнс жыцця.

 

Гэта падзея мае сваю вартасць і для свецкай моладзі, лічыць ксёндз Антоні, бо паказвае, як можна выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі для добрых мэтаў, для аб’яднання людзей і дазваляе задумацца над духоўнымі каштоўнасцямі, патрэбай малітвы і пасвячэння часу для Бога.

Ксёндз Антоні адзначыў, што малітву праз скайп плануецца праводзіць рэгулярна (у бліжэйшым часе ў снежні), і паведаміў пра імкненне палепшыць якасць інтэрнэт-камунікацыі ў наступныя разы.

 

Здымкі grodnensis.by