Русакі з Заходняй Беларусі
Людзі розных нацыянальнасцей, узростаў, прафесій… У дзень памяці валанцёры назвалі прозвішчы ўсіх, хто ляжыць у гэтай зямлі. У кастрычніцкім маскоўскім паветры прагучала імя нашага земляка Міхаіла Русака.
Ён нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Бакшты цяперашняга Іўеўскага раёна, рос у сялянскай сям’і. Яшчэ ў пачатку 30-ых гадоў мінулага стагоддзя нелегальна перайшоў савецка-польскую мяжу і хутка апынуўся ў Маскве. У сталіцы СССР Міхаіл Русак працаваў бухгалтарам на будоўлях, жыў амаль у центры горада ў Паўлаўскім завулку.
Усё закончылася 15 лютага 1938 года беспадстаўным арыштам. Сціплага бухгалтара абвінавацілі ў прыналежнасці да тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі і ў падрыхтоўцы замаху на… Кагановіча. Напэўна, гэта быў такі своеасаблівы нкусаўскі чорны гумар: замах на таварыша Сталіна, ці, скажам, Молатава, былому беларускаму селяніну не даверылі. Хуткі троххвілінны суд вынес вердыкт: вышэйшая мера пакарання. І толькі амаль праз дваццаць гадоў пасля смерці Міхаіл Русак быў рэабілітаваны.
Здымкі некаторых расстраляных на інфармацыйным стэндзе на тэрыторыі Бутаўскага палігона
Яго аднавясковец і цёзка па прозвішчы Ігнат Русак таксама быў перабежчыкам з Польшчы. Толькі мяжу ён пераадолеў пазней за Міхаіла і часы ўжо змяніліся. Жыць у буйных савецкіх гарадах Ігнату не дазволілі. Так беларус трапіў у далёкую Сібір, у Табольск. Там працаваў загадчыкам пякарні. Вынік той жа: арышт, непрацяглае следства, расстрэл.
Лёс трэцяга Русака з Іўеўшчыны – Мікіты, родам з вёскі Заберазь – склаўся так. Спачатку ўцёкі з родных мясцін да лепшага жыцця ў краіну ўсеагульнага народнага шчасця, потым працяглае падарожжа ў Казахстан, у горад прыгожых яблыкаў – Алма-Ату. Тут Мікіта Русак уладкаваўся качагарам у Рэспубліканскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Цікава, што ў гэты ж час у музеі працаваў будучы вядомы пісьменнік Юрый Дамброўскі, які ў той час быў сасланы ў Алма-Ату з Масквы. Пяру Дамброўскага належаць два сусветнавядомыя раманы, падзеі якіх адбываюцца ў другой палове трыццатых гадоў у тагачаснай казахстанскай сталіцы. Гэта “Захавацель старажытнасцяў” і “Факультэт непатрэбных рэчаў”.
У сваіх творах пісьменнік з любоўю гаворыць пра сваіх калегаў –супрацоўнікаў музея. Так што, пра Мікіту Русака засталася такая своеасаблівая памяць. Яго жыццёвы шлях аказаўся тыповым для тых змрочных часоў. 29 кастрычніка 1937 года арыштаваны ўпраўленнем дзяржаўнай бяспекі НКУС Казахскай ССР, а ўжо 5 студзеня 1938 года расстраляны ў алма-ацінскай турме. Месца, дзе ён пахаваны, невядома і да сёння.
Здымкі Evgenich і a.bocharov