Дні Губерта пачаліся з выставы

| Без катэгорыі

Прэзентацыя суправаджалася канцэртам дуэта “Раса мечтателей”, які грае ў стылі лаунж.

 

Выставу ствараюць працы знаных мясцовых мастакоў: Сяргея Асапрылкі, Сяргея Цыбізава, Пятра Янушкевіча, Аляксандра Сільвановіча, Андрэя Філіповіча, Анатоля Скамарошчанкі, Генадзя Піцко, Аляксандра Ізобава і іншых – натхнёныя горадам Гродна і яго жыхарамі. Ёсць таксама праца Алеся Пушкіна. Алень святога Губерта і Анёл, Гарадзенка і Лютэк, Гараднічанская вуліца і вуліца Урыцкага, Базыльянскі кляштар і возера – персанажы прадстаўленых палотнаў.

Вечар распачалі арганізатары свята: гаспадыня галерэі Марыя Мацко і прадстаўнік Гарадзенскай Бібліятэкі ды Таварыства беларускай школы Павел Мажэйка. Спадарыня Марыся прыгадала, што свята супадае з днём усіх памерлых і прапанавала гасцям запаліць знічы, пасля чаго пазнаёміла удзельнікаў з выставай. Яна зазначыла канфліктнае спалучэнне старажытных і сучасных гарадзенскіх будынкаў, веліч мінулага і сёлетнюю трывожнасць, а таксама выказала думку, што горад і яго атмасферу ствараюць людзі. Павел Мажэйка ў сваю чаргу прэзентаваў гарадзенскі каляндар на 2013 год “Горад, якім мы ганарымся” з выявамі прац гарадзенскіх мастакоў.

Госць вечара, мастак Алесь Пушкін, прызнаўся ў любові да Гродна, заклікаў да гуртавання творчых людзей разам, асабліва ў часы, калі маладыя таленты выязджаюць з Беларусі.

Музычнае аздабленне вечара стварылі Дзмітрый і Дар’я з эзатырычна-рокавага вакальна-інструментальнага гурта “Раса мечтателей”. Яны выканалі аўтарскія інструментальныя кампазіцыі і песні на вершы беларускіх паэтаў. Як лічыць спадарыня Марыся, свята без гэтага канцэрту не атрымалася б.

Мастакі і галерэя “Крыга” прымаюць удзел у святкаванні Дзён Губерта ў другі раз. Выстава працягнецца да 17 лістапада.

 

Здымкі Яна Лялевіча