Гродна ўпершыню прыняў чэмпіянат міжнароднага класа па ролер-спорце

|

Да гэтага ўсе спаборніцтвы праходзілі толькі ў сталіцы. Абласны цэнтр прымаў ролераў з Беларусі і Расіі ўпершыню. З Масквы быў адмыслова запрошаны суддзя міжнароднага класа па рэйтынгу WSSA.

 

align=”left” >Арганізатарка Юлія Бізюк распавядае з чаго ўсё пачыналася:

 

“Калі каманда ў ролер-спорце дасягае пэўнага ўзроўню ў плане арганізацыі, катання і моцнага сяброўства, пры наяўнасці фінансавай базы яна робіць спаборніцтвы. Для абласных цэнтраў такі чэмпіянат упершыню, бо не было ні адной каманды, якая была б у стане гэта зрабіць.

 

Мы спрабавалі яшчэ ў 2010 і 2011 гадах. Тады досведу не хапала. Было толькі велізарнае жаданне зрабіць нейкія паказальныя спаборніцтвы. А зараз атрымаўся нават этап кубка свету. Вельмі спадзяюся, што калі мы пачнем рэгулярна штосьці арганізоўваць, да нас пачнуць прыязджаць удзельнікі з Польшчы і Літвы”.

 

Ролеры прымалі ўдзел у дысцыплінах SLALOM BATTLE, KIDS-CROSS і FREE JUMP.

 

У SLALOM BATTLE – артыстычным катанні вакол конусаў з выкананнем складаных элементаў – турнірная табліца выглядае такім чынам:

 

 Месца BATTLE MAN   BATTLE WOMAN  
 1 Алекс Шульган Мінск Марыя Шурыгіна  Смаленск
 2 Дзмітры Азарка Мінск Лізавета Цітова Мінск
 3 Андрэй Барулін Масква Святлана Сцяпанава Віцебск
 6     Настасся Варанко Гродна
 8 Аляксандр Благадзёраў Гродна    

 

 

У катэгорыі KIDS-CROSS удзельнічалі дзеці ад 6 да 12 гадоў. Гэта траса з рознымі перашкодамі, якую трэба прайсці з улікам часу.

 

Першае месца заваявала выхадзец сталічнай ролеры-школы InMove 9-гадовая Варвара Герынская. Другое месца атрымала 9-гадовая Аляксандра Драбязко, трэцяе  10-гадовы Вадзім Касьян – вучні школы GrodnoRollers.

Першынства ў скоках у вышыню праз планку FREE JUMP атрымаў прадстаўнік мінскай каманды InMove Дзмітрый Азарка:

 

“У 16 гадоў ролікаў яшчэ не было, на каньках толькі спрабаваў катацца. Неяк ўбачыў відэа аб слаламе на роліках. Вельмі захацелася навучыцца. З-за таго, што ролікаў не было, я закінуў гэтую ідэю. І праз некалькі месяцаў тата прынёс “бразготкі” – самую старадаўнюю мадэль, якія ўзяў у сяброўкі пакатацца. Я адразу абуў, стэлефанаваўся з сябрамі і пачаў катацца.

 

Калі я катаюся, адчуваю сябе шчаслівым. Гэта тое, чым я хачу ўсё жыццё займацца. Можна сказаць, што я знайшоў сябе ў жыцці”.

 

Прызёр з Масквы Андрэй Барулін даведаўся аб спаборніцтвах праз інтэрнэт:

 

“Гэта першы рэгіянальны чэмпіянат у Беларусі, таму было цікава паглядзець, як яго арганізуюць. Я наведваў шмат спаборніцтваў і ўлічваючы тое, што гэта ўпершыню ў Гродне, усё прайшло годна”.

Пераможца Андрэй Барулін і суддзя Юрый Аляксееў

 

Запрошаны на чэмпіянат суддзя Юрый Аляксееў падзяліўся ўражаннямі:

 

“У спаборніцтваў высокі ўзровень. Нягледзячы на тое, што многія ролеры, напрыклад з Расіі, Украіны, праігнаравалі іх, чэмпіянат прайшоў выдатна. Калі гарадзенскія ролеры будуць у будучыні нешта арганізоўваць і мяне запросяць судзіць, я абавязкова прыеду”.

Здымкі аўтаркі і Анны Грабіцкай