Успомнім “дарагога Леаніда Ілліча”
На блакітных экранах замільгалі кадры нейкіх дакументальных фільмаў, а потым увогуле зайграла сумная класічная музыка. Толькі адна падзея ў краіне магла перакрэсліць свята савецкіх міліцыянтаў. Замест урачыстасцяў у гэты вечар яны выйшлі на ўзмоцненае патруляванне.
Гарадзенцы са здзіўленнем убачылі тады, што замест двух звыклых постацяў па вуліцах шпацыруюць трое. Аднак яшчэ большую нечаканасць у мінакаў выклікала тое, што міліцыянты былі ўзброеныя гумавымі дручкамі. Спецсродак стражы парадку грозна трымалі ў руках усе дні, пакуль ішла афіцыйная жалоба. Гумовае прыстасаванне тады знікла з нашых вуліц так жа нечакана, як і з’явілася, каб ужо канчаткова ўвайсці ў жыццё праз некалькі гадоў у часы перабудовы.
Чаму смерць Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева так падзейнічала на тагачаснае міліцэйскае начальства, загадка і дасюль. Можа, непакоіліся, што без правадыра народ падыме паўстанне? Аднак жыхары Гродна ў той час былі заклапочаны іншым. У крамах абласнога цэнтра раптам з’явіліся шакаладныя наборы і сметанковае масла, трэба было займаць чэргі і хапаць дэфіцыт. Так што, змена ўлады ў нас прайшла спакойна.
Непасрэдна ў дзень пахавання Брэжнева ў галоўным корпусе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па вуліцы Ажэшкі адбыўся жалобны мітынг. У актавай зале сабраліся студэнты, многія з якіх трымалі ў руках партрэты “дарагога Леаніда Ілліча” з чорнымі стужкамі па вугалку.
Партрэты тэрмінова дасталі з падсобных памяшканняў, дзе яны ляжалі ад травеньскай дэманстрацыі да кастрычніцкіх святаў. А вось чорныя стужкі аператыўна выдала кафедра грамадзянскай абароны, дзе гэтыя стужкі захоўваліся, відаць, на выпадак атамнага нападу.
Жалобны мітынг хутка закончыўся, студэнты вясёлым натоўпам, з жартамі ды анекдотамі, накіраваліся да выйсця. Раптам універсітэцкая зала набыла абсалютна сюрэалістычны выгляд: ніводнай жывой істоты і толькі шматлікія, хаатычна накіданыя партрэты аднаго чалавека з чорнымі стужкамі.
Далейшы лёс гэтых партрэтаў склаўся так. Непатрэбную маёмасць спісалі і ў адзін з лістападаўскіх дзён 1982 года ва ўніверсітэцкім дворыку можна было ўбачыць такую карціну. Два студэнты ледзь не бегам выносілі на вуліцу чарговую выяву былога правадыра, моцна трымаючы партрэт па баках, а трэці разбягаўся і моцным ударам нагі з адпаведным крыкам дэманстраваў сваё спартыўнае майстэрства. Займаліся гэтай маладзецкай справай студэнты-юрысты, так што цяперашнім пракурорам ды следчым ёсць пра што ўспомніць.
А вось студэнты-філолагі, якія назіралі за працэсам з аўдыторыі на першым паверсе, рэагавалі станоўча – апладысментамі. Трыццаць гадоў назад воплескі ў нашым горадзе ўпершыню прагучалі менавіта з такім палітычным ухілам.