“Нёман” буйна саступіў “Шахцёру”, але пазмагаецца за пятае месца

|

Напярэдадні матчу было шмат размоў наконт гэтай сустрэчы. Нёману патрэбныя былі ачкі каб замацавацца на пятым месцы і абыйсці ФК “Мінск”, які ў той самы дзень сустракаўся з чэмпіёнам. “Шахцёру” тым часам патрэбна была перамога, кааб датэрмінова заняць другое месца.

 

З першых хвілін госці завалодалі ініцыятывай. Ужо на трэцяй хвіліне прастрэл з флангу ў выкананні Камароўскага завяршаецца тым, што Сучкоў зрэзаў мяч ва ўласныя вароты. На гэтым госці не спыняліся. Атака за атакай прыпадалі на вароты Чэрніка.

 

Праз 12 хвілін той жа Камароўскі вывеў на ўдарную пазіцыю Януша, нападаючы “Шахцёра” з другой спробы прабіў вароты гарадзенскага брамнiка.

 

Толькі два з паловай моманты гаспадары маглі арганізаваць у першым тайме, ды і тое абодва безвыніковыя. Каманды пайшлі ў распранальні з лікам 0-2.

 

Пачатак другога тайма застаўся за гарадзенцамі, але гэта было ненадоўга, “Шахцёр” ізноў узяўся за сваю гульню. Камароўскі робіць лік 0-3.

 

Толькі пасля трэцяга гала Саладоўнікаў вырашыўся на замену, выпусціўшы Кавалёнка і Бомбеля. Як не стараўся Дзмітрый справіцца ў гэты дзень з абаронай “кратоў”, усё было безвынікова.

 

Ужо у канцы матчу гарнякі дабіваюць “Нёман” – Асіпенка зрабіў лік 0-4. Заслужаная перамога “Шахцёра”. Каманда з Салігорска датэрмінова заваёўвае срэбныя медалі.

 

Галоўны трэнер ФК “Нёман” Сяргей Саладоўнікаў пасля матчу:

 

“Віншую супернікаў з заваяваннем срэбных медалёў. Гэта заслужана. Што тычыцца гульні, то мне складана каментаваць. Склалася ўражанне, што некаторыя футбалісты ўжо ў адпачынку. Атака, быццам бы, нядрэнна, але абарона… Так гуляць нельга.

 

Моцныя супернікі такога стаўлення да гульні не даруюць. “Славія” нам у мінулым матчы даравала, а “Шахцёр” не.

 

Хачу папрасіць прабачэння перад заўзятарамі. Каманда гуляе часткамі. Атака ёсць, але галы ў вароты не лезуць. Зробім усё, каб завяршыць чэмпіянат на мажорнай ноце”.

 

Наш галоўны канкурэнт ФК “Мінск” прайграў чэмпіёну, барысаўскаму БАТЭ 4-1. Таму барацьба за пятае месца працягваецца.

 

У наступным туры “Нёман” сустракаецца з ФК “Гомель”, які вядзе барацьбу за трэцяе месца. Матч адбудзецца ў Гомелі 17 лістапада. Чатыры дні пазней – 21 лістапада, Гомель будзе гасцяваць ў Гродне (перанесены кубкавы матч).

 

Па словах галоўнага трэнера “Нёмана” Сяргея Саладоўнікава, кубкавы матч з Гомелем будзе нашмат важнейшы за матч у чэмпіянаце.

 

Здымкі fcneman.by